З жыцця “вадаплаўных”

Грымела, бліскала, ліло – стыхія прыйшла на Ляхавіччыну ў другой палове дня 25 ліпеня. Моцныя дажджы з навальніцай на некалькі гадзін амаль спынілі рух на вуліцах горада. Плылі рэдкія машыны, а адзінокія босыя пешаходы нават і не спрабавалі хавацца  пад парасонамі –  дарэмна.

Канешне, такое буйства стыхіі пакінула адчувальныя наступствы. Як паведамілі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, падтопленымі аказаліся некалькі дзясяткаў жылых дамоў і падворкаў у райцэнтры,  Вялікай Лотве, Зубелевічах, Русінавічах,  Патапавічах, іншых населеных пунктах.

Пашкоджанне  разраднікаў у трансфарматарных падстанцыях  стала прычынай адключэння ліній электраперадач на ўчастку  Мінічы-Ганцавічы. Гэта па-шкоджанне  работнікі  раёна электрасетак ліквідавалі за  2  гадзіны.  Яны ж хутка   аднавілі  падачу святла  ў аграгарадкі  Нача, Русінавічы, вёскі Тухавічы, Набярэжная, Петухоўшчына,  Альхоўцы.  Адключэнне электраэнергіі  адбылося і ў востраўскай зоне. Тут было абясточана  19 трансфарматарных падстанцый, без электраэнергіі засталіся 6 населеных пунктаў, 203 дамы, малочнатаварныя фермы  КСУП «Востраў-Агра» ў Востраве, Рагачах, Куліках.  Праз 4 гадзіны  сіламі Ляхавіцкага РЭС  падача току на гэтым участку была адноўлена. Увогуле,  па стане на 5 гадзін раніцы  26 ліпеня  электраэнергія паступала  ўсім спажыўцам.

Стыхія дабавіла работы камунальнікам, якія і цяпер працуюць у надзвычайным рэжыме. Пацёкшы дах,  залітыя сцены, падтопленыя падвалы –  «падарунак» непагадзі. У райцэнтры асабліва пацярпелі шматпавярховікі па вуліцы Будаўнікоў, завулку Южакова. Ад воднага патопу пацярпелі і падвальныя памяшканні жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў па вуліцы Інтэрнацыянальнай і завулку Фестывальным у Ляхавічах.

Выратавальнікам давялося адпампоўваць  ваду на тэрыторыі аўтастанцыі,  прыбіраць паваленае дрэва з дарогі  на вёску Мыслабаж.

Навальніца пакінула след і на сельгасугоддзях.  У райаграсэрвісе на плошчы 56 гектараў «лёг» рапс, у іншых гаспадарках  падтоплены палеткі, таксама ёсць  палегліца.

Як паведамілі ў АДАІ, з-за неспрыяльных умоў надвор’я вечарам  мінулага аўторка адбыліся  3 дарожна-транспартныя здарэнні, на шчасце – без чалавечых ахвяр. У аграгарадку Навасёлкі, на аўтадарозе Ляхавічы-Сваятычы, у райцэнтры на вуліцы Дзесюкевіча  не размінуліся аўтамабілі. У Ляхавічах  вінаваты ў ДТЗ  уцёк з месца аварыі, аднак хутка яго  асоба была ўстаноўлена. Цяпер вадзіцелю  давядзецца адказваць і за  ўчыненне ДТЗ, і за тое, што  пакінуў месца здарэння.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *