Чарніцы на вагу… персікаў. Што, дзе, па чым: прапанова садавіны-агародніны ляхавічанам
Кацярыне Пятроўне 73 гады, яна па-ранейшаму без справы сваё жыццё не ўяўляе. Як толькі спеюць ягады – за вядро і ў лес – калі адна, калі з дзецьмі, унукамі. Сабранае ідзе на пачастункі, варэнне-кампоты, замарозку.
– Ягадныя мясціны ведаю з дзяцінства – сама тутэйшая. Калі год ураджайны, як леташні, то вёдраў 15 чарніц збіраем. Усе не перапрацаваць. Таму прадаю на рынку: да пенсіі някепская прыбаўка. Сёлета ягада дробная і мала яе. Прадаю слоікамі, па 4-5 рублёў за літр, – расказвае адна з гандлярак на рынку.
Сапраўды, леташні садавінна-агароднінны гандаль яўна праходзіў з большым размахам, чым сёлетні. Гэта стала зразумелым яшчэ з пачаткам сезона клубніц.
За таварам, які прадаецца на рынку, арганізаваны санітарны кантроль. Для продажу дароў саду, агарода, лесу, неабходна атрымаць у лабараторыі санветэкспертызы даведку, што прадукцыя не ўтрымлівае шкодных рэчываў. Як зазначыла ветурач-санэксперт Ганна Дзяцел, ягады, агародніна, садавіна такую праверку праходзяць паспяхова. Напрыканцы мінулага тыдня на ляхавіцкім рынку садавінай і агароднінай з падсобных гаспадарак гандлявалі толькі 7 чалавек: мясцовыя і з Пінскага раёна.
Ягадны сезон завяршаецца хутка, а дароў лета хочацца і зімой, і вясной. Той, хто паспее замарозіць ці насушыць ягад, адчувае сябе ў выйгрышы: даставай, размарожвай, вары кісялі і кампоты. Менш запаслівыя спяшаюцца ў крамы: цяпер там «замарозкі» хапае. Канкурэнцыю імпартнай прапанове складае беларуская прадукцыя: колькасць цэхаў глыбокай замарозкі ў нашай краіне павялічваецца. У Ляхавіцкім кааппраме ўсё халадзільнае абсталяванне прайшло неабходную паверку і гатова да прыёму сезоннага асартыменту. Праўда, чарніц пакуль не замарозілі ні грама… Нарыхтавалі 250 кілаграмаў.
Пра якасць нарыхтовак дбае і ўласная лабараторыя райпо: правяраецца кожная партыя садавіны-агародніны і дароў лесу. Праўда, узнікае пытанне: чаму такія засмечаныя лісцем чарніцы, што прадаюцца ў райпоўскай палатцы на рынку? Куды глядзелі нарыхтоўшчыкі, калі прымалі такую ягаду – хутчэй за ўсё, сабраную недазволенымі прыладамі? Чаму супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя не зацікавяцца гэтай акалічнасцю?
Спрадвеку фаварытам ліпеньскага стала беларусаў была маладая бульба. Сёння набыць яе можна і на рынку, і ў магазінах. Кошт – 70-80 капеек за кілаграм. А калі на сваіх сотках вырасцілі неблагі ўраджай, то лішкі можна прадаць нарыхтоўшчыкам райпо. Цяпер – па 50 капеек за кілаграм. Ранняя бульба, закупленая ў насельніцтва і ў райаграсэрвісе, адпраўляецца ў магазіны райспажыўкааперацыі, астатняя – прадпрыемствам грамадскага харчавання нашага і суседняга раёнаў, а яшчэ ў летнік «Чайка», сталовыя райбальніцы і аблпсіхбальніцы.
У чэрвені ў райпо пачаўся і агурочны сезон. Тады нарыхтоўвалі ў асноўным у Столінскім раёне, цяпер прывозяць і з Івацэвіцкага. Пакуль за кілаграм плацяць ад 70 да 90 капеек у залежнасці ад кандыцыі. З закупленых 320 тон агуркоў 205 тон прададзена мясцоваму кансерваваму заводу. Дарэчы, нарыхтоўчая дзейнасць нашага перапрацоўчага прадпрыемства чамусьці стала абмяжоўвацца закупам. А работа з пасрэднікамі заўсёды больш дарагі варыянт…
У актыве райпоўскіх нарых-тоўшчыкаў – 11 тон чырвоных буракоў, 55 тон капусты. Пакуль.
У райпо разумеюць, што многае залежыць, у першую чаргу, ад работы нарыхтоўшчыкаў (у спажыўкааперацыі раё-на 3 такія спецыялісты). Аналагічныя функцыі выконваюць і 4 нарыхтоўчыя пункты ў горадзе. Прымаюць садавіну, агародніну, грыбы, ягады і ў 9 сельскіх магазінах. А можна заказаць кааппрамаўскую машыну прама на дом.
Планаў жа на гэту прадукцыю ў райпо нямала. Частка яе застанецца для патрэб прадпрыемстваў сістэмы: замарожваецца, засольваецца, квасіцца і потым адпраўляецца ў продаж, на прадпрыемствы грамадскага харчавання, на захоўванне. А, напрыклад, бульбу плануецца адпраўляць і на экспарт у Расію.
…Днямі прыемна ўразіў дапоўнены асартымент сезоннай прадукцыі ў райпоўскім павільёне на рыначнай плошчы: у продажы з’явіліся нават буякі садовыя, квяцістая капуста, лісічкі лясныя. Па вельмі прымальнай цане.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.