Эфектыўнасць – галоўны індыкатар

Эканоміка прадпрыемства павінна быць прывабнай з пункту гледжання прыбытковасці. Менавіта эфектыўная работа, ступень прыбытковасці становяцца галоўным крытэрыем ацэнкі якасці работы. Пра гэта, у прыватнасці, гаворыць і падрыхтоўка рэспубліканскага законапраекта аб пераходзе з дырэктыўнага планавання эканомікі на так званае індыкатыўнае. Галоўны індыкатар — эфектыўнасць.

У сувязі з гэтым, для агравытворчай галіны ў тым ліку вельмі актуальным з’яўляецца пошук рэзерваў змяншэння вытворчых выдаткаў і, тым самым, зніжэнне сабекошту выхаднога прадукту.

У гэтай сувязі  цікавым можа быць наступны вопыт. У мінулым, дарэчы, да падобнай практыкі шырока звярталіся многія гаспадаркі раёна. Сутнасць у тым, што пашавыя і культурныя траваўкосныя ўгоддзі ў  большасці сельгасарганізацый не поўнасцю адпавядаюць стандартам неабходнасці. У ідэале «зялёны дыван» — паша альбо корманарыхтоўчыя плошчы — павінен складацца з сумесі злакавых і бабовых відаў траў. Са злакамі пытанняў няма, а вось апошніх у структуры кармавых угоддзяў раёна не хапае. Бабовыя  вызначаюцца найбольшым утрыманнем бялковых кампанентаў. Бялок, у сваю чаргу, вядомы як асноўны будаўнічы матэрыял усяго жывога. У выпадку з жывёлагадоўляй — гэта і прывагі, і ўдоі.

У якасці прыкладу — СВК «Шлях новы». Сёлета гаспадарка  нядрэнна папрацавала па паляпшэнні сваіх кармавых угоддзяў. І ў плане перазалужэння пашы, і сяўбы траў на зялёную масу — з мэтай аптымізацыі ўтрымання ў іх структуры бабовых.  Як вынік, на даны момант у «Шляху новым» самы вялікі ў раёне валавы паказчык надояў. Пры, між іншым, не самай вялікай колькасці кароў.

Прапануецца, напрыклад, наступная схема вытворчасці кармавой зялёнай масы. Двойчы  выгадная, як сведчыць практыка і праведзеныя сёлета сумесна з былым старшынёй адной з сельгасарганізацый раёна Генрыхам Траццяком доследы. Яны праходзілі на невялікім кавалку поля СВК «Шлях новы» і ўключалі ў сябе падсеў пад аднагадовыя травы — сумесь вікі і аўса ў даным выпадку — канюшыны. Віка-авёс убіраецца першым «наваротам» у чэрвені. Да канца лета набірае спеласць і падыходзіць да ўборачнай гатоўнасці асабліва багатая бялком канюшына. Такім чынам, з аднаго поля можна атрымаць два ўраджаі. У гэтым сезоне доследны ўчастак даў у суме прыкладна 500 цэнтнераў зялёнай масы з гектара. У сярэднім столькі ж зялёнай масы дае і гектар кукурузы, аднак, — ёсць розніца. Першы варыянт абыходзіцца гаспадарнікам заметна танней, чым вырошчванне на такой жа плошчы кукурузы. А кукурузная зялёная маса саступае сваёй «апанентцы» па пажыўнасці, якасці біяхімічнага складу.  Як шматгадовая расліна канюшына аддзячыць сейбіту ўраджаем яшчэ і на год наступны, як мінімум. Ну і, нарэшце, бабовыя віды траў валодаюць здольнасцю абагачаць глебу азотам.  Адпаведна, калі не адпадае зусім, то мінімізуецца па-трэбнасць штучнага ўнясення азотных удабрэнняў  на гэтым кавалку поля. З улікам іх кошту — яўная эканомія і эфектыўная эканоміка. Акрамя таго, бабовыя з’яўляюцца выдатнымі папярэднікамі. Структура зямлі пасля іх адчувальна паляпшаецца, што, канешне, служыць добрую службу практычна ўсім сельскагаспадарчым культурам, якія прыходзяць бабовым на змену.

Ці не дастаткова тэхналагічных аргументаў і эканамічных фактаў, каб звярнуць пільную ўвагу на больш шырокую культывацыю бабовых відаў траў у межах асобных гаспадарак і ў цэлым па АПК раёна?

Віктар АЛЕЙНІК,
начальнік раённага аддзела абласной станцыі хімізацыі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *