Інфраструктура не пачакае
Колькі грамадзян стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў? Ці ўсім, хто вядзе індывідуальнае будаўніцтва, даступна інжынерная інфраструктура? Пра гэта і многае іншае ішла размова на ліпеньскім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, на якім разглядаўся ход індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва на Ляхавіччыне.
Сёлета за першае паўгоддзе ўведзена ў эксплуатацыю 10 індывідуальных жылых дамоў агульнай плошчай 1074 квадратныя метры (36 працэнтаў ад гадавога задання).
Пра ход індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва на Ляхавіччыне дакладваў галоўны архітэктар раёна Віктар Асташэня. Станоўчы факт – адсутнасць чаргі на атрыманне зямельных участкаў пад узвядзенне дамоў як у райцэнтры, так і ў вёсках і аграгарадках. Выключэнне – Конькаўскі сельсавет, дзе ў чарзе 5 грамадзян, жадаючых мець свой дом у вёсцы Літва, а свабодных участкаў тут няма. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч даручыў землеўпарадкавальнай службе і кіраўніцтву Конькаўскага сельвыканкама разабрацца з сітуацыяй: напэўна, на тэрыторыі сельсавета ёсць пустуючыя безгаспадарныя дамы. Іх неабходна знесці, выканаць неабходныя мерапрыемствы, пасля якіх участкі выставіць на аўкцыён.
– Навошта шукаць новыя месцы, пракладваць дарагую інфраструктуру, калі можна абысціся куды меншымі фінансавымі ўкладаннямі. Трэба быць гаспадаром, – зазначыў кіраўнік раёна.
Па стане на 1 ліпеня ў нашым раёне зарэгістравана 66 свабодных участкаў для індывідуальнага будаўніцтва, з іх 44 у горадзе. Сёлета грамадзянам, якія стаялі на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у райцэнтры прадастаўлены 3 зямельныя ўчасткі.
Віктар Асташэня патлумачыў, што землеўпарадкавальная служба ажыццяўляе кантроль за мэтавым выкарыстаннем прадастаўленых пад індывідуальнае будаўніцтва ўчасткаў. У мінулым го-дзе ў сувязі з тым, што ва ўстаноўленыя тэрміны некаторыя грамадзяне так і не прыступілі да будаўніцтва жылля, было выдадзена 7 прадпісанняў, 2 гаспадары і ўвогуле пазбавіліся зямельных участкаў (з пачатку гэтага года – адпаведна 10 і 1).
У раёне востра стаіць праблема ўводу жылля ў эксплуатацыю. Пры заданні 5000 квадратных метраў (з якіх 3000 – індывідуальныя забудовы) пакуль у наяўнасці 1100 квадратных метраў. Вячаслаў Сельмановіч падкрэсліў, што нельга толькі спасылацца на праблемы, трэба прымаць неадкладныя меры па выпраўленні сітуацыі. І звярнуць сур’ёзную ўвагу на якасць будаўнічых работ.
А вось прыемная акаліч-насць: хутка ў Ляхавічах адбудзецца наваселле – пасля рэканструкцыі ключы ад 35 кватэр (агульнай плошчай 2029 квадратных метраў) атрымаюць будучыя жыльцы дома № 54 па вуліцы Леніна. Па стане на 1 ліпеня 2017 года ў раёне 933 чалавекі стаяць у чарзе, як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з іх 118 – мнагадзетныя сем’і, 108 – сіроты.
У 2017 годзе на будаўніцтва аб’ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры для індывідуальнага будаўніцтва з абласнога бюджэту выдаткавана амаль 495000 рублёў, асвоена каля 410000 рублёў.
Завершаны работы па добраўпарадкаванні квартала індывідуальнай жылой забудовы ў межах вуліц Леніна, Палявой, Інтэрнацыянальнай у райцэнтры (кошт праекта 81410 рублёў). У квартале індывідуальнай забудовы «Патапавіцкі», дзе з выдзеленых 92 участкаў 22 – свабодныя, у эксплуатацыю ўведзены сеткі водаправода, электра- і газазабеспячэння, вулічнага асвятлення. Зараз выбіраецца падрадчык для працягу добраўпарадкавання гэтага квартала.
У рашэнні райвыканкама пастаўлены канкрэтныя задачы перад землеўпарад-кавальнай службай, аддзелам архітэктуры і будаўніцтва, КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», мясцовай структурай УКБ г. Баранавічы па першым пытанні парадку дня.
Другое датычыла стану работы па ахове працы ў нашым раёне:
– Ніякія, нават самыя высокія, паказчыкі, працэнты і дасягненні не вартыя жыцця чалавека. Асноўная задача кіраўніка любога ўзроўня – стварыць на прадпрыемстве, ва ўстанове ці арганізацыі бяспечныя ўмовы працы, – зазначыў Вячаслаў Сельмановіч.
Менавіта гэтаму важнаму пытанню быў прысвечаны і ліпеньскі раённы дзень аховы працы. Акцэнт – на прафілактыку і строгую дысцыпліну:
– Без строгай працоўнай дысцыпліны змяніць сітуацыю ў лепшы бок цяжка. З года ў год сустракаемся з аднымі і тымі ж праблемамі – недаглядзелі, недапрацавалі, пусцілі на самацёк. Хацелася б большай актыўнасці прафсаюзаў у пытаннях аховы працы, – зазначыў старшыня райвыканкама.
Галіна КАНЬКО.