Не давайце мікробам раздолля
Лета – традыцыйны перыяд пад’ёму захворванняў вострымі кішэчнымі інфекцыямі.
Вострая кішэчная інфекцыя – зборнае паняцце. У звычайным жыцці нас акружае больш за 100 відаў мікраскапічных агентаў, здольных выклікаць у чалавека востры інфекцыйны працэс кішэчнага захворвання. Аб’ядноўвае гэтых узбуджальнікаў «месца сустрэчы» – стрававальны тракт чалавека, дзе самі мікраарганізмы або прадукты іх жыццядзейнасці могуць праявіцца з максімальнай «выгодай» для сябе і шкодай для чалавека.
У інфекцый гэтай групы прыкметы праяўлення захворванняў маюць шмат агульнага. У хворых павышаецца тэмпература, з’яўляюцца агульная слабасць, разбітасць, ваніты, ірвота. Турбуюць схваткападобныя болі ў вобласці жывата, з’яўляецца расстройства стулу. Асабліва цяжка працякае захворванне ў дзяцей, бо парушаецца абмен рэчываў, паражаецца нервовая сістэма, адбываецца абязводжванне арганізма, знясіленне. Таму пры захворванні дзяцей вялікае значэнне мае своечасовы зварот за медыцынскай дапамогай.
Крыніцай інфекцыі з’яўляюцца людзі з клінічнымі праяўленнямі захворвання і здаровыя носьбіты ўзбуджальніка. У некаторых выпадках крыніцай інфекцыі могуць быць жывёлы.На прадметах ужытку, посудзе, дзіцячых цацках, ручніках мікробы застаюцца жыццяздольнымі на працягу 5-7 дзён.
Хварэюць вострымі кішэчнымі інфекцыямі людзі любога ўзросту, але асабліва высокая колькасць выпадкаў захворвання дзяцей ад 3 да 6 гадоў. Звязана гэта з недасканаласцю імуннай сістэмы дзіцяці і адсутнасцю гігіенічных навыкаў.
Папярэдзіць вострыя кішэчныя інфекцыі нескладана.
Выконвайце правілы асабістай гігіены самі і прывучайце да гэтага дзяцей.
Выкарыстоўвайце для піцця бутэляваную ваду. Заўсёды трымайце пры сабе бутэлечку з вадой, каб мець магчымасць памыць рукі або фрукты, калі вы знаходзіцеся па-за домам. Сачыце за тэрмінам прыгоднасці харчовых прадуктаў. Пратэрмінаваныя прадукты выкідвайце без шкадавання.
Засцерагайце прадукты ад мух і грызуноў, бо яны могуць з’яўляцца пераносчыкамі многіх інфекцый.
Сырую агародніну і фрукты перад ужываннем добра памыйце, а потым апаласніце кіпенем. Не выкарыстоўвайце агародніну і фрукты, якія маюць прыкметы сапсаванасці і гніення.
Мясныя, рыбныя стравы, якія падвяргаліся тэрмічнай апрацоўцы, не павінны датыкацца да паверхні, на якой знаходзяцца сырыя прадукты. Добра мыйце кухонны посуд, нажы, мясарубкі, раздзелачныя дошкі і іншы інвентар пасля выкарыстання. Захоўвайце гатовыя стравы пры пакаёвай тэмпературы не больш за 1-2 гадзіны, каб не дапусціць размнажэння мікраарганізмаў. Строга прытрымлівайцеся тэхналогіі прыгатавання страў (тэмпературы і часу прыгатавання).
Не набывайце прадукты ў месцах несанкцыянаванага гандлю, з зямлі. Купляйце толькі ў дазволеных для гэтых мэтаў месцах.
Калі вы ўсё ж падхапілі інфекцыю, не варта займацца самалячэннем. Абавязкова звярніцеся да ўрача. Пры няправільным лячэнні хвароба можа перайсці ў хранічную форму, а вы стаць бактэрыяносьбітам, і тады будзеце ўяўляць пастаянную небяспеку як для сябе, так і для тых, хто побач.
Калі вы адпачывалі за мяжой, і на працягу дзесяці дзён пасля вяртання праявілася захворванне – абавязкова паведаміце пра гэта ўрачу, бо з замежных паездак можна прывезці інфекцыю, якая на тэрыторыі нашай рэспублікі не рэгіструецца.
Лепшая прафілактыка інфекцыйных захворванняў – уважлівыя адносіны да ўласнага здароўя.
Васілій СКАРАХОД,
урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ.
Фота з сайта http://muchphotos.ru