“Сын з слаўнага града Полацка”. 500 гадоў назад, 6 жніўня 1517 года, у Празе Францыск Скарына выдаў Біблію — «Псалтыр» — першую друкаваную беларускую кнігу

Ураджэнец старажытнага Полацка, выдатны філосаф, асветнік, гуманіст, пісьменнік, вучоны эпохі Адраджэння Францыск Скарына ўвайшоў у гісторыю як бацька ўсходнееўрапейскага кнігавыдання: менавіта ён у 1517 годзе ўпершыню выдаў Біблію на старабеларускай мове для «людзей паспалітых да добрага навучання». Сваім жыццём і дзейнасцю ён падвёў своеасаблівы вынік развіцця ўсходнеславянскай культуры за пяць стагоддзяў, што прайшлі ад прыняцця хрысціянства, і выступіў наватарам, стварыў новы напрамак, які арыентаваўся на агульначалавечыя каштоўнасці.

Нарадзіўся Францыск Скарына каля 1490 года ў сям’і купца Лукі (Лук’яна) у горадзе Полацку, які ў той час з’яўляўся адным з буйнейшых палітычных і культурных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага.

Пачатковую адукацыю атрымаў у бацькоўскім доме, дзе спасцігаў азы чытання і пісьма, а затым вывучаў лацінскую мову ў школе пры Полацкім бернардзінскім манастыры.

У 1504 годзе «сын з слаўнага града Полацка» паступіў у адзін з лепшых еўрапейскіх універсітэтаў таго часу – Кракаўскі – на факультэт «вольных мастацтваў» і праз два гады атрымаў сваю першую вучоную ступень – бакалаўра філасофіі.

У студэнцкія гады сярод захапленняў Францыска была і медыцына: згодна з данымі біёграфаў, праз некалькі гадоў у сценах alma mater ён атрымаў ступень магістра, а ў 1512 годзе бліскуча здаў экстэрнам экзамен доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце.

Пра прыродныя здольнасці і стараннасць маладога вучонага хадзілі легенды, а ў актавых запісах адзначаецца, што «сын спадара Лукі Скарыны з Полацка праявіў сябе пахвальна». І сёння партрэт беларускага доктара можна знайсці ва ўніверсітэцкай галерэі сярод іншых выпускнікоў, знакамітых вучоных з розных еўрапейскіх краін.

Па адной з версій, у  1512 – 1516 гадах Францыск Скарына служыў асабістым лекарам і сакратаром сына літоўскага караля Жыгімонта І Старога – княжыча Яна, з якім пазнаёміўся яшчэ ў час навучання ў Балонскім універсітэце.

Выдавецкую дзейнасць Францыск Скарына пачаў у Празе, дзе пры падтрымцы купцоў-мецэнатаў з Полацка і Вільні заснаваў друкарню, а ўжо 6 жніўня 1517 года апублікаваў «Псалтыр» у перакладзе на старабеларускую мову, які стаў першым выданнем у гісторыі нацыя-нальнага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Усяго ж на працягу двух гадоў у пражскай друкарні ўбачылі свет 23 кнігі Бібліі, якія суправаджаліся ілюстрацыямі (ксілаграфічнымі гравюрамі, ініцыяламі і застаўкамі), а таксама аўтарскімі прадмовамі і каментарыямі, у якіх Францыск Скарына дзяліўся з чытачамі сваімі асветніцкімі ідэямі і поглядамі.

У пачатку 1520-х гадоў Францыск Скарына пераехаў у Вільню і адкрыў першую друкарню на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта тут выйшла «Малая падарожная кніжыца», дапоўненая акравершамі і календаром сонечных і месячных зацьменняў, і «Апостал», які расказвае пра дзеянні і пасланні бліжэйшых вучняў Хрыста.

Дзякуючы асветніку і першадрукару Францыску Скарыну беларускае нацыянальнае кнігавыданне ўзбагаціла не толькі еўрапейскую, але і агульнасусветную культуру.

Адной з галоўных асаблівасцей усіх кніг Скарыны сталі аўтарскія каментарыі, якія дапамагалі «паспалітым» людзям лепш зразумець змест, асэнсаваць значэнне падзей, адлюстраваных у кнігах Свяшчэннага Пісання.

Кнігі Францыска Скарыны распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях, і сапраўды не толькі паўплывалі на развіццё духоўнай культуры беларускіх зямель, але і ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім, іншых усходнеславянскіх краінах, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай дзяржаве.

Падрыхтаваў Георгій ТАМАШЭВІЧ, г. Брэст.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *