Ляхавіччына выступіла на конкурсе “Зорка ўзышла над Беларуссю” у Баранавічах
Дом культуры тэкстыльшчыкаў у Баранавічах сабраў маладыя таленты з усёй акругі для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе “Зорка ўзышла над Беларуссю”. Дастойных прадстаўнікоў прыслала на паказ і Ляхавіччына. Былі выканаўцы аўтарскай, народнай, эстраднай песні, майстры размоўнага жанру, аматары дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапісу і графікі, рэжысуры масавых свят, тэатралізаваных прадстаўленняў, шоу-праграм. Іх творчасць ацэньвала кампетэнтнае журы. Яно вылучыла для ўдзелу ў абласным адборачным туры выканаўцаў эстрадных песень: навучэнку ЛДАКа Надзею Дуровіч, якая спявала “Рэха жураўлінае” і “Мая сяброўка”, а таксама Арцёма Пранчака з вёскі Ураджайная — навучэнца Гродзенскага каледжа мастацтваў з песняй “Памолімся за бацькоў”. Іна Варатынец перамагла ў намінацыі “Размоўны жанр”, сярод намінантаў іншых жанраў Таццяна Арлоўская, Аляксандра Цісельская, Вікторыя Васілеўская, Крысціна Віхноўская, Павел Фядотаў, Наталля Пташук, Алена Багданец.
Застаецца пажадаць маладым талентам поспеху ў адборачным туры, які неўзабаве пройдзе ў Брэсце.
Соф’я МАРЧЫК, дырэктар раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры.