Дзякуй за хлеб!
У гэтыя перадсвяточныя дні шмат хвалебных слоў гучыць у адрас працаўнікоў сельскай гаспадаркі, асаблівая ўвага — флагманам сельгасвытворчасці раёна. Гучаць прозвішчы лепшых з лепшых — механізатараў, даярак, жывёлаводаў, спецыялістаў…
Між тым, у агульным поспеху далёка не апошняя роля адводзіцца кіраўніку. Менавіта ад яго ў значнай ступені і залежыць, наколькі зладжана, мэтанакіравана і эфектыўна дзейнічае калектыў, якія мэты ставіць перад сабой і якім шляхам ідзе да іх дасягнення.
СВК “Ляхавіцкі”
Старшыня заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь
Шанаванне, СВК «Ляхавіцкі», шанаванне, Аляксандр Іванавіч Вітко! Мусіць, няма такога куточка ў гаспадарцы, якому б не пасавала вы-значэнне «ўзорны». Хранічны, паўсюдны і заўсёдны парадак, аказваецца, — справа рэальная. СВК «Ляхавіцкі» ўзорны ва ўсіх галінах сельскагаспадарчай вытворчасці. На не самых шчодрых землях тут вырошчваюць выдатны ўраджай збожжа, бульбы, тут багатыя кукурузныя і рапсавыя плантацыі. І статак высокапрадукцыйны. І машынна-трактарны двор на добрую зайздрасць іншым сельгаскааператывам.
Не з неба звалілася такая ідылія, ды і не ідылія гэта — звычайны для «Ляхавіцкага» расклад, будзённы падыход, вынік граматнай высокапрадукцыйнай працы. Працы згуртаванага калектыву аднадумцаў, калег, землякоў пад кіраўніцтвам Аляксандра Вітко. І сам старшыня, і яго каманда не ўмеюць справу рабіць нядбайна. І ў гэтым сакрэт праверанай часам, выпрабаванай аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі складанасцямі паспяховасці. Сярод адрасоў і сёлетніх абласных і раённых пераможцаў працоўнага спаборніцтва — добра знаёмы «Ляхавіцкі» і яго перадавікі — паляводы, хлебаробы, механізатары, вадзіцелі, жывёлаводы.
Майстар-клас віткоўская гаспадарка паказвае ў тым, як трэба і як можна арганізаваць справу, каб не было сорамна за вынік. І гэта сціпла сказана. Больш правільным будзе зазначыць: каб можна было ганарыцца зробленым. Адказнасць за якасць і колькасць, строгая тэхналагічная дысцыпліна, укараненне перадавых навуковых распрацовак у вытворчасць працуюць у агульным накірунку, які дакладна і правільна разлічаны. Мы гаворым дзякуй зямлі за шчодрасць і маем на ўвазе ўдзячнасць нястомным рукам, якія гэтую зямлю песцяць.
Калі б трэба было стварыць вобраз шчырага хлебароба, то ў партрэце яго абавязкова былі б рысы і старшыні «Ляхавіцкага», і ягонага сына — калегі, паплечніка, галоўнага агранома гаспадаркі Івана Вітко, і тутэйшых механізатараў, паляводаў, іншых працаўнікоў СВК.
Асобная частка сюжэта — жывёлагадоўчая. Галоўны заатэхнік Уладзімір Ксёнжык, спецыялісты, загадчыкі ферм, аператары машыннага даення (яны ўсе ў «Ляхавіцкім» рэкордатысячніцы!) і аператары па адкорме жывёлы даўно і трывала заслужылі справядлівую славу сапраўдных прафесіяналаў.
Надоі, прывагі, паказчыкі ўраджайнасці… З кожным годам яны мяняюцца — на прыступку вышэй. Тое, што ўчора было ў планах, сёння становіцца кропкай адліку, а заўтра будзе пройдзеным этапам. Такая вось жыццёвая філасофія. Канешне, яна трымаецца на працы, а, значыць, — на людзях. Ці навіна гэта? — Даўно вядомая рэч. Проста засвоіць яе трэба раз і назаўсёды ад «а» да «я», як гэта здолелі ў «Ляхавіцкім».
СВК “Шлях новы”
Старшыня Аляксандр Вашчук
Хваляваліся працаўнікі СВК «Шлях новы» ў лютым 2010 года: у гаспадарцы з’явіўся новы старшыня. Які курс будзе абраны ў сельгасвытворчасці, як складуцца адносіны кіраўніка з калектывам, будзе рух наперад ці давядзецца жыць ранейшымі дасягненнямі?..
А новы кіраўнік сельгаскааператыва Аляксандр Вашчук адразу ўзяўся за работу, за кароткі час унік ва ўсе справы — эканамічныя, вытворчыя, сацыяльныя — і хутка перайшоў да практычных дзеянняў з усведамленнем, што ён у адказе за ўсю гаспадарку і людзей, якія заняты ў розных сферах сельгасвытворчасці.
— Утойваць не буду: узважваў кожны свой крок на новай пасадзе, кожнае рашэнне і быў вельмі задаволены, калі бліжэй пазнаёміўся з калектывам. Гэта адданыя сялянскай справе людзі, якія любяць вёску, дбайна працуюць на зямлі, і яна ў адказ аддзячвае. Вынікі вытворчай дзейнасці — доказ таму, — расказвае Аляксандр Вашчук.
Няпоўныя 2 гады як Вашчук ля руля «Шляху новага», але і за гэты кароткі тэрмін у эканамічным развіцці і да таго адной з лепшых у раёне гаспадаркі адчувальныя зрухі наперад. Ураджайнасць зерневых культур па выніках сёлетняга жніва склала 52,8 цэнтнера з гектара (лепшы паказчык за апошнія гады), цукровых буракоў — 550. Ёсць значныя поспехі і ў жывёлагадоўлі: 54 працэнты малака СВК здае гатункам экстра (для параўнання: год таму — ніводнага працэнта).
— У бліжэйшай перспектыве плануем перавесці жывёлу на беспрывязное ўтрыманне, з гэтай мэтай «другое жыццё» даём 3 фермам. Папоўнім машынна-трактарны парк новай сучаснай тэхнікай. Будзем будаваць жыллё для сваіх працаўнікаў (зараз у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаяць 25 чалавек), — дзеліцца планамі Аляксандр Мікалаевіч.
У сельгасвытворчасці Вашчук далёка не навічок: прайшоў усе прыступкі кар’ернай лесвіцы ад брыгадзіра трактарнай брыгады да старшыні сельгаспрадпрыемства. Вопыт работы на зямлі — адчувальны. Тым не менш, пры неабходнасці не саромеецца прасіць парады і ў калег, і ў падначаленых.
Спакойны і ўраўнаважаны, актыўны і неабыякавы, добразычлівы і шчыры Аляксандр Вашчук не адмовіў у дапамозе па рэалізацыі творчага праекта «ЛВ» — разбіўцы дубровы ля дуба, пасаджанага Э. Ажэшкай у пачатку мінулага стагоддзя, і наогул, паступовым аднаўленні флер’яноўскага палацава-паркавага ансамбля. Нераўнадушная асоба, прадбачлівы кіраўнік ведае, што не хлебам адзіным жыве чалавек.
…А для 11-класніка Навасёлкаўскай сярэдняй школы Кірыла Вашчука гэты навучальны год — апошні. Юнак даўно выбраў для сябе будучую прафесію — ён марыць стаць студэнтам Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ўніверсітэта, вучыцца там, дзе калісьці вышэйшую адукацыю атрымліваў і яго бацька. Значыць, сельскагаспадарчая дынастыя Вашчукоў будзе мець працяг.
СВК “Тальмінавічы”
Старшыня Аркадзій Сакун
Жыць па сродках, не чакаць цудаў, спадзявацца толькі на свае сілы — іменна так настроены калектыў СВК «Тальмінавічы» і яго старшыня Аркадзій Сакун. Каб паправіць становішча ў жывёлагадоўлі, дабіцца павышэння надояў і прываг, павелічэння пагалоўя жывёлы, тут вырашылі правесці рэканструкцыю старых ферм і аднавіць у іх работу, але па новых тэхналогіях. Прычым, усё за свае сродкі, гаспадарчым спосабам.
У першым абноўленым жывёлагадоўчым памяшканні, дзе паставілі кароў на беспрывязное ўтрыманне, выдзелілі цэхі сухастою і раздою, па-новаму зманціравалі абсталяванне і наладзілі механізаванае кармленне па збалансаваных рацыёнах для кожнай групы жывёл. Пачалі расці надоі, прычым, значна палепшылася якасць малака. «Жывая» капейка — ні многа ні мала, а 30 мільёнаў рублёў за кожную пяцідзёнку. Гарантавана зарплата для жывёлаводаў і магчымасць працягваць пачатую справу. Рэканструявалі другі кароўнік, трэці. Увесь малочны статак, які налічвае больш як 800 кароў, будзе ўтрымлівацца ў такіх жа ўмовах. Задача на бліжэйшы час, як лічыць Аркадзій Андрэевіч, упаўне рэальная. А там і новыя планы: далейшае павелічэнне пагалоўя жывёлы, будаўніцтва новай МТФ на 400 кароў. Галоўная ўмова ўсё тая ж — разлічваць на сябе, на свае сілы і сродкі. Аркадзій Сакун справу ведае і ведае, што СВК на правільным шляху.