Хлебапёкі

Спрадвеку лічылася: калі ў хаце        пахне хлебам, то гаспадары тут    жывуць дбайныя, працавітыя і багатыя. А ўсё таму, што хлеб – найвялікшая каштоўнасць. Іменна гэтыя думкі прыйшлі, калі пераступіла парог хлебапякарнага цэха прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Ляхавіцкі кааппрам”. Пах карыцы, ваніліну навеяў успаміны з дзяцінства пра свята, калі пякліся пірагі ў дамашняй печы…

Галіна Гаўрыс, Ганна Зубік, Алена Чарапавіцкая, Валянціна Варанкова, Алена Грыгаровіч штодзень шчыруюць ля цуда-печаў, якія дыхаюць гарачынёй і непаўторным пахам, за суткі выдаюць па 4-5 тон  боханаў, каб у кожным доме, на кожным стале заўсёды быў хлеб. За 10 месяцаў выпечана 1210 тон хлебабулачных вырабаў. Нават цяжка ўявіць сабе такую гару хлеба, булак, кексаў, батонаў, рулетаў – усяго каля 60 найменняў! З гэтага багацця асаблівым попытам у пакупнікоў карыстаюцца хлеб фармавы пшанічны “Кірмашовы”, подавы “Абедзенны”, хала “Малочная”, пляцёнка “Любімая”, булачка здобная “Кветка”, макавы абаранак, кекс “Свята”, сухарыкі, мучныя прысмакі.

З той пары, як на хлебапякарні замянілі абсталяванне, паставілі новыя печы, якасць хлебабулачных вырабаў значна палепшылася. Цяпер іх з задавальненнем купляюць не толькі ў сваім раёне, але і ў Баранавічах, дзе працуюць ужо некалькі гандлёвых кропак па продажу ляхавіцкага хлеба і пірагоў.

Палепшылася якасць каўбасных вырабаў і паўфабрыкатаў, выпушчаных на камбінаце кааператыўнай прамысловасці. Гэтай вытворчасцю загадвае майстар Людміла Бецька. А ёй дапамагаюць Таісія Гарбуз, Данута Дрозд, якія, напэўна, ведаюць усе сакрэты кулінарнай справы. Нездарма прыгатаваныя імі мясныя паўфабрыкаты, каўбасы “Доктарская”, “Браслаўская”, вэнджана-вараная кураціна, шпік “Дамашні” карыстаюцца попытам у пакупнікоў.

Смачную рыбу гатуе  па спецрэцэптах Алена Дрозд. Яе цэх перапрацаваў з пачатку года 29 тон рыбы. Паспяхова працуюць і дапаможныя цэхі, халадзільнік. Акрамя таго, ККП аказвае паслугі насельніцтву: тут можна правесці ветэкспертызу, аддаць прадукцыю на захоўванне, павэндзіць рыбу, птушку, мяса, сала. Тое, што тут працуюць прафесіянальныя гаспады-ні, пацвярджае і дырэктар камбіната Галіна Якубец. Яна ганарыцца сваімі работнікамі, пераважную большасць якіх складаюць жанчыны. Асаблівую па-      дзяку Галіна Мікалаеўна выказвае кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў раёна, з якімі плённа супрацоўнічаюць. Пастаўкі мяса, іншай сельгаспрадукцыі заўсёды своечасовыя, а іншы раз і пазапланавыя, каб вытворчасць не прастойвала. У выніку прагнозныя паказчыкі за 10 месяцаў прадпрыемства выканала на 139,7 працэнта.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *