Аляксандр – першы
…Шчодрае сонца, лёгкі ветрык і класічны пейзаж – жніўнае поле, па якім снуюць камбайны. З канца ў канец, бы завадныя машынкі, – гэта калі глядзець здаля. А прыблізішся – і нічога цацачнага: бесперапынны гул, бесперапынны рух, буслы суправаджаюць тэхніку, бы вартавыя.
Але ўсё ж перапынак не па раскладзе ў мінулую суботу на полі ля Падлаззя здарыўся. Прычына надзвычайная: ёсць першы тысячнік на ляхавіцкім жніве – ім стаў трактарыст Аляксандр Азарчык з «БелДана», які ў гэтыя гарачыя дні адвозіць намалочанае зерне на зернесушыльны комплекс. Павіншаваць яго прыехалі прадстаўнікі райвыканкама і кіраўніцтва «БелДана», прафсаюзныя лідары раёна. Намеснік начальніка райсельгасхарчу Ірына Страмавус уручыла герою дня падарунак ад раённай улады, старшыня РК прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Чура дапоўніла віншаванне пісьмом падзякі ад райкама прафсаюза, а галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч – узнагародай ад РК БРСМ. І ўсё гэта было аздоблена шчырым захапленнем, словамі падзякі за ўдарную працу, пажаданнем вартага працягу і …выступленнем народнага ансамбля народнай песні «Крыніца».
Дарэчы, і летась Аляксандр Азарчык быў у раёне першым тысячнікам. Наогул жа, па выніках абласнога спаборніцтва ў мінулым годзе заняў другое месца сярод маладых вадзіцеляў, занятых на адвозцы ўраджаю. Тады яго дзённы рэкорд складаў 150 тон зерня, сёлета пакуль – 120 тон. Але жніво ў самым разгары, і Аляксандр не збіраецца збаўляць абароты:
– Буду вельмі старацца, і не дзеля рэкорда, а дзеля таго, каб сёлетнюю хлебную эпапею завяршыць паспяхова. Гэтаму падпарадкаваны намаганні ў тым ліку і ўсіх «белданаўскіх» удзельнікаў жніва.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Калі вярстаўся нумар, стала вядома, што ў раёне з’явіліся першыя тысячнікі сярод камбайнераў: гэта экіпаж у складзе Андрэя Дзянішчыка і Паўла Булатага з ААТ «Жарабковічы» і Артур Гутырчык з ЗТАА «Белдан». Дабавілася тысячнікаў і сярод вадзіцеляў: Аляксандр Грабёнка, Аляксандр Сокал, Юрый Прышчэпа, Міхаіл Праневіч – усе з ААТ «Жарабковічы».