Адзёр прышчэпкі баіцца

Грамадзяне Беларусі, якія прыязджаюць у краіны, дзе ўжо гаспадарыць адзёр, трапляюць у групу рызыкі. Каб не стаць ахвярай, трэба праверыць у паліклініцы свой каляндар прышчэпак. Калі вы не хварэлі адром, у медыцынскай картцы адсутнічаюць даныя пра вакцынацыю або зроблена толькі адна прышчэпка – давядзецца вакцынавацца. Гэта адзіны надзейны сродак прафілактыкі. Вакцынацыя ў свеце выкарыстоўваецца на працягу 40 гадоў і зарэкамендавала сябе як высокаэфектыўная і ў плане прафілактыкі, і для змяншэння наступстваў, калі хваробы не ўдалося пазбегнуць. Асабліва неабходна вакцынаваць дзяцей ва ўзросце ад года да 6. Прышчэпка для дзяцей бясплатная, робіцца яна за кошт рэспубліканскага бюджэту. Увядзенне вакцыны стварае ў арганізме надзейны імунітэт, не выклікае негатыўных наступстваў.
Дарэчы, у Беларусі сёлета зарэгістраваны завозны выпадак адру.
Крыніцай інфекцыі з’яўляецца хворы чалавек. Асноўны шлях перадачы – паветрана-кропельны, гэта значыць, вірус трапляе ад хворага чалавека да здаровага пры размове, чханні, кашлі. Ён таксама можа пераносіцца патокам паветра.
Хворы адром заразны на працягу 8-10 дзён: прыкладна 5 дзён да з’яўлення сыпу і 5 дзён пасля яго з’яўлення.
Успрымальнасць да гэтага заразнага і цяжкага захворвання віруснай прыроды лічыцца ўсеагульнай, хварэюць людзі ўсіх узростаў. Прычым, адзёр у дарослых працякае значна цяжэй, чым у дзяцей.
Калі ў чалавека паднялася тэмпература, з’явіліся боль і пяршэнне ў горле, сып на целе, кашаль, запаленне слізістай абалонкі вачэй, неадкладна звярніцеся за медыцынскай дапамогай. Калі гэтыя сімптомы з’яўляюцца пасля вяртання з паездкі за мяжу, абавязкова паведаміце пра гэту акалічнасць урачу.
Віктар МАКАРЧУК,
загадчык інфекцыйнага аддзялення райбальніцы.