Жнівень – жніўны
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе паскорыць тэмп уборачнай кампаніі. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 10 жніўня ў час рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць.
Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ «Квасевічы» ў Івацэвіцкім раёне. На адным з палёў гаспадаркі Прэзідэнта сустракалі караваем у гонар намалоту ў Брэсцкай вобласці 1 мільёна тон збожжа.
«Адчуваю, што ва ўборку салідна ўсе ўцягнуліся, нікога папракаць не трэба, але 10-15 працэнтаў скорасці трэба дабавіць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнту далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна і гаспадаркі, а таксама аб ходзе ўборачнай кампаніі ў існуючых умовах надвор’я і прымаемых мерах па зніжэнні страт ураджаю.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц звярнуў увагу на перабоі з адгрузкай у гас-падарках грануляваных угнаенняў. «Ва ўрадзе няхай неадкладна прымуць рашэнне. Просьбу па ўгнаеннях трэба задаволіць», – даручыў Прэзідэнт.
Асобна Кіраўнік дзяржавы спыніўся на забеспячэнні гаспадарак палівам. Аляксандр Лукашэнка даручыў кантраляваць яго эфектыўнае выкарыстанне.
У цэлым, заявіў Прэзідэнт, Беларусь разлічвае сабраць амаль 10 мільёнаў тон збожжавых разам з рапсам і кукурузай.
Было адзначана, што ў гэтым годзе ў Брэсцкай вобласці добры ўраджай рапсу. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў наступным годзе неабходна давесці ўраджайнасць гэтай культуры да 30 цэнтнераў з гектара.
Асобна былі закрануты пытанні вырошчвання лёну. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць поўную загрузку льноперапрацоўчых прадпрыемстваў.
Уборку збожжавых да 20 жніўня павінны завяршыць усе вобласці, за выключэннем Віцебскай. «Па Віцебскай вобласці дамовімся так: трэба перастаць слухаць заспакойванні кіраўнікоў, губернатара Віцебшчыны. Калі мы бачым, што там добрае збожжа, яго трэба ўбіраць, перакідваць туды тэхніку. Узнікне праблема з сушылкамі. Таму мы адразу з поля забіраем збожжа, вязём на элеватары, перапрацоўваем, не крыўдзячы вяскоўцаў. Збожжа з палёў трэба ўбраць», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Прэзідэнту было даложана, што дзяржаўны заказ па збожжы будзе выкананы ў поўным аб’ёме. «Мы 860 тысяч тон хочам нарыхтаваць. Давайце дамовімся, што да мільёна тон, можа, крыху больш. Але добрае збожжа, калі ёсць жаданне прадаць, трэба забраць і зрабіць абмен старых рэзерваў – мінулага, пазамінулага гадоў. Стары трэба аддаць на корм, а закласці з новага ўраджаю, таму што збожжа добрае ў гэтым годзе», – даручыў Кіраўнік дзяржавы.
У час рабочай паездкі Кіраўнік дзяржавы наведаў рэканструяваную малочнатаварную ферму «Квасевічы» ў Івацэвіцкім раёне. Прэзідэнту далажылі аб выкананні яго даручэнняў па рэканструкцыі і тэхнічным перааснашчэнні жывёлагадоўчых фермаў, вытворчасці экспартна арыентаванай прадукцыі.
Прэзідэнт даручыў завяршыць будаўніцтва малочнатаварных фермаў у краіне за 2017-2018 гады. «У нас іх няшмат засталося, трэба прыкладна $80 мільёнаў, але гэта па падліках. А пачнём будаваць, дык і ў $50 мільёнаў укладзёмся, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Гэтыя фермы мы павінны пабудаваць у бягучым і будучым годзе».
Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што неабходна дазволіць гаспадаркам будаваць фермы зручнымі для іх метадамі. Галоўнае, каб гэта не патрабавала вялікіх укладанняў, а вынік быў якасны. «Хоча гаспадарчым спосабам (гэта значна танней) – значыць, трэба яму дазволіць. Не можа гаспадарчым спосабам – ПМК у кожным раёне», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пабудаваныя фермы павінны быць запоўнены высакаўдойнай жывёлай. Важна таксама займацца пытаннямі захаванасці кармоў.
Як праінфармавалі Аляксандра Лукашэнку, усяго ў краіне дзейнічаюць больш як 4,1 тысячы малочнатаварных фермаў, з іх 1 181 рэканструявана і мадэрнізавана. У высокай ступені гатоўнасці больш за 120 фермаў. Прадугледжваецца, што дзяржава дапаможа гаспадаркам завяршыць іх будаўніцтва.
Пасля азнаямлення з малочнатаварнай фермай «Квасевічы» Прэзідэнт вырашыў змяніць запланаваны маршрут і наведаць праблемнае сельгаспрадпрыемства раёна – ААТ «Косава». Першы прыпынак быў зроблены ім на адным з палёў гаспадаркі. Там Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ходам уборкі збожжа і пагутарыў з экіпажам камбайнераў – сям’ёй Харужых. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці ўдасца ім паўтарыць мінулагодні намалот 1 тысячу тон. Мікалай Харужы адказаў, што гэта рэальна. Аляксандр Лукашэнка падарыў Ірыне Харужай букет кветак і пажадаў сям’і поспехаў.
Затым Прэзідэнт накіраваўся на малочнатаварную ферму «Старажоўшчына», якая ўжо два гады знаходзіцца на фінансавым аздараўленні. Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду адшукаць Br200 тысяч для прывядзення фермы ў ідэальны стан. Зрабіць гэта неабходна да лістапада бягучага года, падкрэсліў ён. Акрамя таго, была пастаўлена задача павялічыць практычна ў два разы колькасць дойнай жывёлы – да тысячы галоў.
Прэзідэнт 11 жніўня прадоўжыў рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Фота БЕЛТА.