Пра “Востраў”– проста

Дырэктар ДП "Востраў-Агра" Тамара Церах з камбайнерамі гаспадаркі Віктарам Зубікам і Яўгеніем Каліноўскім на хлебным полі
У тым сэнсе, што простым словам. Пра прастату ж моманту, што імянуецца жнівом і расцягваецца на тыдні асабліва “шчыльнай” працы, не можа быць і намёку.
У нашым раёне КСУП “Востраў-Агра” адна такая – гаспадарка, рычагі кіравання якой сканцэнтраваны ў руках жанчыны. Літаральна напярэдадні сезона хлебаўборкі Тамара Церах была зацверджана дырэктарам сельгаспрадпрыемства. Некалькі папярэдніх месяцаў, якія Тамара Іванаўна правяла ў якасці выконваючай абавязкі кіраўніка, можна і трэба разглядаць своеасаблівай экзаменацыйнай сесіяй. А сам факт прызначэння на пасаду – ацэнка, з якой яна “адпрацавала” сваю сесію.
Канешне, не бітва за хлеб, аднак, экзаменам на прафесіяналізм збожжаўборка для вяскоўца заўсёды была і застаецца. Шэраг гаспадарак раёна свае хлебныя гектары і тоны яшчэ дабірае. КСУП “Востраў-Агра” са жнівом практычна разлічылася. Любыя лічбы найбольш красамоўныя ў параўнанні. Дык вось, да леташняга паказчыка ўраджайнасці вастраўчане сёлета дабавілі крыху больш за цэнтнер на кожным гектары.
– Па кругу атрымалася 26,2 цэнтнера. Найбольшыя плошчы ў нас былі адведзены пад азімую трыцікале. І яна ж аказалася найбольш ураджайнай, – падводзіць вынік дырэктар.
Як і іншыя сельгаспрадпрыемствы, “Востраў-Агра” найперш “падзеліцца” свежым намалотам з дзяржавай. Ад апошняй у вастраўчан заказ на зерне жыта і аўса. Усё астатняе паднятае нялёгкай працай багацце вырашана трансфармаваць у, варта думаць, яшчэ большае багацце. Не прадаваць зерне ў натуральным яго выглядзе, а выкарыстоўваць у якасці асновы для прыгатавання корму для жывёлы. Малако і мяса – усё ж такі іншая ў параўнанні з зернем дабаўленая вартасць.
Адзін з востраўскіх камбайнаў большую частку жніва правёў дастаткова воддаль родных уборачных палеткаў. Жалі вырашчанае Ляхавіцкім ільнозаводам на яго ж плошчах. Завяршылі і перадыслакаваліся на палеткі ЗАТ “Белпрампрыбор”, дзе гэтым часам і аддаюць даўгі – кампенсацыю за дапамогу таварыства ў нарыхтоўцы кармоў. Белпрампрыбораўскі агрэгат для прасавання і ўпакоўкі сянажнай масы ў поліэтыленавую плёнку папрацаваў сёлета і на кармавы стол “Вострава-Агра”.
Мікалай Сокал і Дзмітрый Саган, Яўгеній Каліноўскі і Уладзімір Волк, Андрэй Калясінскі і Юрый Дзямід, Віктар Зубік і Аляксей Калбаса – уборачныя “двойкі” КСУП, жніво для якіх працягваецца. Для асобных, як ужо ўзгадвалася, на белпрампрыбораўскім палетку, для іншых жніўнымі сталі збожжавыя соткі вяскоўцаў. Жыхары Вострава, Рагачоў, Кулікоў, Траццякоўцаў, Тухавіч, Заполля і іншых населеных пунктаў працягваюць вырошчваць “свой” хлеб.
– У параўнанні з мінулымі часамі, людзі сталі менш сеяць зерневых. Але сеюць, і, лічу, прамой задачай прадпрыемства дапамагчы ім з уборкай. Сваім работнікам і пенсіянерам кожная абмалочаная сотка абыходзіцца ў адзін рубель. Усім іншым землякам удвая даражэй, – каменціруе Тамара Церах.
Сітуацыя ж працягвае разгортвацца і па іншых сельскагаспадарчых накірунках. Далёка яшчэ не завяршылася корманарыхтоўчая кампанія, не ў поўным пакуль аб’ёме ўпарадкавана салома, разам з сеялкамі занялі ўжо месца ў стартавым калідоры сейбіты і іншае.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.