«Закадрылі» чаканых і вельмі патрэбных
Яшчэ нядаўна яна была проста выпускніцай Навасёлкаўскай СШ, а цяпер уладальніца «чырвонага» дыплома Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Паліна Белавус – настаўніца матэматыкі ў гімназіі.
Асаблівым 2017/2018 навучальны год абяцае быць і для Дар’і Маслоўскай – цяпер сацыяльнага педагога Тухавіцкай сярэдняй школы.
– Вельмі хвалююся. Гэта школа – мая родная. Тут я вучылася, тут мае любімыя настаўнікі. Спадзяюся на іх падтрымку і дапамогу. Шкада, канешне, што пакуль буду працаваць не зусім па спецыяльнасці – я настаўніца геаграфіі. Але нічога, усё яшчэ наперадзе, – дзеліцца малады спецыяліст.
Прэстыж вечнай прафесіі педагога павышаецца. Узрастаючы конкурс у ВНУ на педагагічныя спецыяльнасці – таму пацвярджэнне. Маладым кадрам рады і ў школах, і ў дзіцячых садках. Перш чым падаць дакументы ў ВНУ, некаторыя абітурыенты бяруць мэтавае накіраванне. Па словах начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святланы Якубоўскай, сёлета такой магчымасцю, напрыклад, скарысталася выпускніца Тальмінавіцкай СШ Ганна Князюк, якая з мэтавым накіраваннем паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт замежных моў. Яшчэ адно накіраванне ў гэту ВНУ – у жыхаркі Брэста, яна таксама пасля атрымання дыплома пажадала прыехаць настаўнічаць у Ляхавіцкі раён. А вось былая выпускніца гімназіі Наталля Сарока, якая атрымала такое накіраванне 4 гады назад, з 1 верасня пачне вучыць англійскай мове хлопчыкаў і дзяўчынак у СШ № 1.
Як расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Зубік, 23 новаспечаныя выпускнікі педагагічных універсітэтаў краіны прыехалі па размеркаванні на першае працоўнае месца ў навучальныя ўстановы горада і раёна і з 1 верасня будуць выкладаць замежныя мовы, фізіку, матэматыку, працаваць сацыяльнымі педагогамі, выхавальнікамі.
У рэшце рэшт, і ў нашым раёне пачаў змяншацца дэфіцыт настаўнікаў фізіка-матэматычнага профілю: у жніўні да работы прыступілі фізік у гімназіі і тры матэматыкі – у СШ № 1, гімназіі, Востраўскай СШ.
Першае прафесійнае хрышчэнне настаўніцкае папаўненне атрымае на традыцыйнай жнівеньскай канферэнцыі, дзе маладых спецыялістаў прадставяць вялікай педагагічнай сям’і Ляхавіччыны. Маладыя кадры будуць карыстацца сацыяльнымі гарантыямі і льготамі, прадугледжанымі заканадаўствам.
Строга па раскладзе наўрад ці атрымаецца – такую выснову ўжо з першых дзён самастойнай работы зрабіла загадчыца Конькаўскага фельчарска-акушэрскага пункта, выпускніца Слонімскага медкаледжа Валянціна Стамікава.
– Канешне, складана, але, тым не менш, вельмі цікава. Літаральна ў першыя дні давялося праверыць сябе на практыцы: неадкладна трэба было зняць прыступ астмы. Атрымалася. Увогуле, мне даспадобы маё першае працоўнае месца. Работы шмат, паціху знаёмлюся з тутэйшымі людзьмі, яны шчырыя, добразычлівыя. Нездарма гавораць, што дома і сцены дапамагаюць, а я амаль што мясцовая – з Тухавічаў, – расказвае Валянціна.
Галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч не хавае задавальнення, бо і сёлета ў нашым раёне ўнушальнае медыцынскае папаўненне: 12 урачоў і 26 фельчараў, медсясцёр, лабарантаў (акрамя райбальніцы, найбольш на маладых пашанцавала Крывошынскай участковай бальніцы, сюды размеркаваліся памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце і 2 медсястры).
А яшчэ практыкавацца будуць 2 інтэрны.
– Канешне, поўнасцю вырашыць кадравае пытанне пакуль не ўдаецца. У сістэме аховы здароўя раёна працуюць 10 урачоў і 36 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу пенсійнага ўзросту. Няма пастаяннага спецыяліста ў Ганчароўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, будзем вырашаць гэта пытанне за кошт сумяшчальніцтва. У горадзе не хапае хірургаў. Але ўсё ж многія вострыя пытанні ўдалося зняць, – зазначае Георгій Хлябовіч.
Шасцігадовы Вадзік – першы маленькі пацыент, які разам з мамай прыйшоў на прыём да ўрача-педыятра Ганны Стрыгельскай у паліклініку. Да гэтага ў маладога спецыяліста былі гады вучобы ў Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце, інтэрнатура. А лепшай практыкі, чым нараджэнне і выхаванне дзвюх дачушак – 4-гадовай Яны і 5-гадовай Арыны – наўрад ці прыдумаеш.
– Рада – не тое слова. У рэшце рэшт, спраўдзілася, пра што марыла, калі была зусім маленькай дзяўчынкай: апрануць белы халат і лячыць дзетак. Лячыць так, каб не балела, – расказвае ўчастковы ўрач-педыятр.
Ганна Стрыгельская і яе сям’я з нецярпеннем чакаюць здачы ў эксплуатацыю дома № 54 па вуліцы Леніна ў райцэнтры, дзе, магчыма, і ім пашчасціць стаць навасельцамі. А пакуль мама і тата на рабоце, іх дачушкі адпачываюць у бабулі і дзядулі ў аграгарадку Навасёлкі.
Бясспрэчна, для маладых кадраў, акрамя першага месца працы, створаных там умоў, заработнай платы, не менш важна, як вырашаецца іх жыллёвае пытанне. Папаўненню ляхавіцкіх медыкаў можна па-добраму пазайздросціць. Частка навічкоў атрымае пакоі ў бальнічным інтэрнаце, некаторыя стануць навасельцамі ў арэндным доме.
Дарэчы, з сёлетняга медпапаўнення толькі пяцёра – жыхары Ляхавіцкага раёна. А, напрыклад, у гэтым годзе накіраванне на вучобу ў медкаледжы Слуцка, Слоніма, Пінска, Мінска атрымалі 11выпускнікоў школ раёна, яшчэ 9 – у медуніверсітэты краіны.
Калі гаварыць пра льготы для маладых спецыялістаў у белых халатах, то кожны адразу пры прыёме на работу атрымлівае аднаразовую дапамогу ў суме 5 базавых велічынь і потым штомесячна 2 БВ на аплату арэнднага жылля.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.