Цяпер каляджане! У Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж залічаны 152 першакурснікі

Школьнікі, выпускнікі, абітурыенты – цяпер навучэнцы. Гэта калі коратка апісаць шлях да атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі. 10 жніўня завяршыўся прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія закончылі базавую школу, 14 жніўня – ад тых, хто паступаў пасля 11 класаў. А тыдзень з невялікім назад сталі вядомы прозвішчы каляджан, якія будуць атрымліваць адукацыю на платнай аснове.
Як адзначае намеснік дырэктара ЛДАКа Ірына Прыступа-Юнік, у гэтым годзе план набору выкананы: 1 верасня парог навучальнай установы пераступяць 152 першакурснікі. З іх 25 паступілі на спецыяльнасць «агранамія», 52 – «ветэрынарная медыцына», 25 – «плодаагародніцтва», 50 – «заатэхнія». Усяго было пададзена 177 заяў. А 6 каляджан будуць навучацца па трохбаковых дагаворах, заключаных паміж прадпрыемствам, ЛДАКам і навучэнцам. Па-за конкурсам залічаны 13 абітурыентаў.
З ходам прыёму дакументаў можна было азнаёміцца не толькі па тэлефонах прыёмнай камісіі, але і на сайце ўстановы: інфармацыя пра тое, колькі абітурыентаў, з якімі баламі і на якія спецыяльнасці падалі заявы,  абнаўлялася тройчы на дзень.
Пра высокі ўзровень падрыхтоўкі ляхавіцкіх каляджан ведаюць не толькі ў нашым раёне, але і па-за яго межамі. Вялікая ўвага надаецца прафарыентацыйным мерапрыемствам: дзень адкрытых дзвярэй, выязныя сустрэчы са школьнікамі, сумесныя акцыі, майстар-класы, падтрыманне актуальнай інфармацыі для абітурыентаў на сайце  і г.д. І гэта дае плён.
– Конкурс сёлета быў на ўсе спецыяльнасці – жадаючых атрымаць дыплом агранома, ветэрынара ці заатэхніка многа, – расказвае адказны сакратар прыёмнай камісіі Таццяна Гуліцкая.
Залічэнне на навучанне адбылося па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі,  дзе адзнакі па профільных прадметах (для тых, хто паступае на базе сярэдняй адукацыі) павінны быць не ніжэй за «чацвёрку».
Самая запатрабаваная спецыяльнасць – «ветэрынарная медыцына». Менавіта на яе падалі  2 заявы на платнае навучанне.  Прахадны бал  на гэту спецыяльнасць для абітурыентаў, якія скончылі 11 класаў,  склаў 6,1. Самы нізкі бал пасведчання аб заканчэнні базавай школы – 5,7.  Максімумы гэтай уступнай кампаніі 8,1 і 8,8 адпаведна.
Геаграфія навучэнцаў даволі шырокая. Канешне,  большасць рабят з Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў,  у гэтым годзе многа залічаных са Столінскага, Клецкага, Ганцавіцкага і іншых раёнаў.
Навабранцам разам з паведамленнямі аб залічэнні выдадзены памяткі для навучэнца. Між іншым, усе першакурснікі атрымалі інтэрнат і ўжо 30-31 жніўня змогуць засяліцца – зрабіць першыя крокі  да самастойнага жыцця.
Дарэчы, пасля атрымання дыплома выпускнікі ЛДАКа маюць магчымасць па бесперапыннай інтэграванай сістэме прафесійнага навучання працягнуць вучобу ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, Беларус-кай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, а па спецыяльнасці «агранамія» – і ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *