Гэта стараста

Навядзенне і падтрыманне парадку на канюхоўскіх вуліцах і прыватных падворках, на тэрыторыі могілак, сельскія сходы – завадатар і арганізатар усяго вясковы стараста. А яшчэ яна дапамагае тутэйшым жыхарам вырашыць розныя надзённыя пытанні – выпісаць дровы, брыкет і г.д. Дзверы дома № 5 па вуліцы Пралетарскай, дзе жыве Ніна Рамейка, заўсёды адчынены для канюхоўцаў.
Ніна Аляксандраўна імкнецца быць у курсе ўсіх падзей, стараецца кожнаму дапамагчы, калі трэба – умее быць патрабавальнай, асабліва гэта датычыцца навядзення парадку. І вельмі ганарыцца сваёй маленькай радзімай і землякамі:
– У Канюхах жыве без малога 200 чалавек. Больш за сотню – працаздольнага ўзросту. Так што вёска наша – перспектыўная. І людзі вельмі працавітыя, гаспадарлівыя. На 77 падвор’ях утрымліваецца 38 кароў – добры паказчык.
Ніна Рамейка да выхаду на пенсію працавала ў мясцовай гаспадарцы. І цяпер без справы не сядзіць: напрыклад, вырошчвае ва ўласнай цяпліцы беларускія кавуны.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.