Альбом для сябра
Напярэдадні навучальнага года дарыць падарункі дзецям – традыцыя не новая, але вельмі прыемная і правільная. Асабліва калі робіцца гэта ад душы і з жаданнем дапамагчы, падтрымаць няхай і незнаёмага школьніка, з разуменнем, што твой альбом ці сшытак яму проста неабходны.
Дабрачынная акцыя «Дапаможам сабраць дзіця ў школу» днямі стартавала і ў нашым раёне. Яе мэта – ахапіць увагай рабят з малазабяспечаных сем’яў, дзяцей-інвалідаў. Пакуль у скрынцы, якая знаходзіцца ў магазіне «Дзіцячы свет «Аліса», не так многа падарункаў ад нераўнадушных землякоў. Але верыцца, што гэта пакуль. Кожны з нас можа ўнесці свой уклад у добрую справу. Ваш аловак ці іншыя канцылярскія дробязі, партфель ці спартыўныя рэчы будуць зусім не лішнімі. Дарыць радасць іншым – так здорава!
Ні адна дабрачынная акцыя не абыходзіцца без удзелу таварыства Чырвонага Крыжа. Старшыня раённай арганізацыі Жанна Лешык адзначае, што многія ляхавічане ведаюць гэты адрас дапамогі і прыносяць сюды рэчы, якія могуць яшчэ паслужыць іншым, у тым ліку былую ва ўжытку мэблю для школьнікаў і не толькі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.