«З намі заўсёды цёпла!»

«Аварыйка» выязджае не толькі ў выпадку няштатнай сітуацыі, але і для рамонтна-тэхнічнага абслугоўвання газавага абсталявання. За суткі аварыйна-дыспетчарская служба Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння прымае ў сярэднім да 100 тэлефанаванняў, у тым ліку і звароты на дастаўку звадкаванага газу. Самы гарачы час – восень-зіма. Менавіта з пахаладаннем многія нашы землякі часцей набіраюць нумар 104 ці 2-15-04.
Ляхавіцкі раён газазабеспячэння – структурнае падраздзяленне ВУ «Баранавічыгаз».Пасля праведзенай аптымізацыі значна пашырыліся яго функцыі, прыбавілася і клопатаў. Тэрыторыя адказнасці арганізацыі – 221 кіламетр газавых сетак, з якіх 30 працэнтаў высокага ціску, 10 – сярэдняга і астатнія – нізкага ціску (тыя, што вядуць да кухонных пліт і калонак). Для іх надзейнай работы функцыянуюць 26 газарэгулятарных пунктаў. Яны абсталяваны сістэмай тэлеметрычнага кантролю, параметры якога адлюстроўваюцца на маніторы дыспетчара.
– Газазабяспечваючая арганізацыя перш за ўсё выконвае сацыяльную функцыю. Асноўная наша задача – надзейнае і якаснае газазабеспячэнне спажыўцоў, безаварыйная і бесперабойная работа газавай сістэмы, – адзначае дырэктар ВУ «Баранавічыгаз» Уладзімір Столяр.
Ахова працы, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнне кваліфікацыі персаналу, стварэнне адпаведных умоў працы – важныя моманты ў дзейнасці прадпрыемства. Інструктажы, навучанне і адшліфоўка спецведаў і навыкаў – справа сістэмная і пастаянная. На ўзбраенні ў работнікаў разумныя прыборы-памочнікі – па вызначэнні цягі вентканалаў і дымаходаў, а таксама па выяўленні ўцечак газу на адлегласці да 30 метраў.
Без блакітнага агеньчыка сёння цяжка ўявіць наша жыццё. Ён стаў неад’емным складнікам камфорту і ўтульнасці. Але, калі не выконваць меры бяспекі і не сачыць за станам газавага абсталявання, газ з сябра можа стаць ворагам. Пліты, калонкі, катлы, якія «пражылі» больш за 2 дзесяцігоддзі, падлягаюць абавязковай замене. У зоне адказнасці газавікоў і стан «начынкі» газаразмеркавальных і шафных рэгулятарных пунктаў, абслугоўванне газавых ёмкасных установак, унутрыдамавых сістэм газазабеспячэння, абследаванне і сэрвіс абсталявання і многае іншае. За год гаргаз рэалізуе больш за 20 мільёнаў кубаметраў прыроднага газу, палову якога спажывае насельніцтва.
Будаўніцтва новай газавай артэрыі – значная падзея для населенага пункта. Працягваецца газіфікацыя Вялікай Лотвы – сёлета сетка прырасце больш чым на 2 кіламетры, распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва газаправода ў аграгарадку Русінавічы.
Паспяховая дзейнасць прадпрыемства – заслуга зладжанай каманды з 48 прафесіяналаў. Працуюць адказна, добрасумленна і якасна. Быць адным з «гаргазаўцаў» – ганарова.
Дзесяцігоддзе на чале арганізацыі кампетэнтны і патрабавальны кіраўнік Ігар Чвыр. У раёне газазабеспячэння стаўку робяць на спалучэнне вопыту, маладосці і прафесіяналізму. Старшы майстар Вячаслаў Шчука, акрамя прафесійных дасягненняў, плённа ўзначальвае і прафсаюзную пярвічку – умее згуртаваць і арганізаваць. Важны і складаны ўчастак працы па кантролі за эксплуатацыяй унутрыдамавога газавага абсталявання (а гэта больш за 20 тысяч устройстваў) знаходзіцца ў руках майстра Алега Кабельчука. Старшы майстар аварыйна-дыспетчарскай службы Вадзім Сотнікаў штораз пацвярджае класнасць не толькі тэарэтычна, але і практычна. Вось і на нядаўнім абласным конкурсе прафесійнага майстэрства сярод аварыйна-дыспетчарскіх службаў заняў чарговае прызавое месца. Галоўны інжынер Юрый Разжалавец на пасадзе нядаўна, але за кароткі час паспеў увайсці ў курс справы, у мінулую пятніцу на базе падраздзялення паспяхова прайшоў абласны семінар галоўных інжынераў.
– Добрых слоў за адданую працу заслугоўваюць вадзіцель Сяргей Рокач, слесары Аляксандр Мелехавец, Ігар Дыдышка, Аляксандр Пінчук, Валерый Перапечка, Сяргей Войцік, – расказвае Уладзімір Столяр.
Сярод галасоў прыёмшчыкаў заказаў у тэлефоннай трубцы гучыць і прыемны тэмбр Таццяны Пятроўскай – кваліфікаванай работніцы, актыўнай удзельніцы грамадскіх спраў. Больш за 3 дзесяцігоддзі аддала службе вядучы бухгалтар Святлана Счасная.
Сярод падраздзяленняў газавай гаспадаркі важнае месца займае служба газу. Спецыялісты Ала Столяр і Сняжана Чарняўская не зводзяць выкананне сваіх абавязкаў да бюракратычнага «праверыў-запісаў». Трэба – пракансультуюць па газавых пытаннях, дапамогуць.
Развозчыкі звадкаванага газу Віктар Івановіч і Сяргей Чалевіч – жаданыя госці ў кожным доме, асабліва – калі блакітны агеньчык патрабуе дадатковага сілкавання.
Кожны работнік у раёне газазабеспячэння, кожная служба працуюць на адзін вынік – несці цяпло людзям.
– Шчыра віншую з прафесійным святам калектыў Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння, нашых ветэранаў і спажыўцоў. Лозунг галіны «З намі заўсёды цёпла!». Няхай цёпла будзе і ў вашых сем’ях, пануюць узаемаразуменне, дабрабыт, не падводзіць здароўе, – перадае святочныя пажаданні дырэктар ВУ «Баранавічыгаз» Уладзімір Столяр.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
ДАРЭЧЫ
● Ляхавіцкі раён газазабеспячэння абслугоўвае больш за 20 тысяч адзінак газавыкарыстальнага абсталявання.
● На адно домаўладанне ў нашым раёне ў сярэднім у год рэалізуецца каля 1239 кубаметраў газу.
● З пачатку года ў раёне абаненты замянілі больш за 750 адзінак старога газавага абсталявання на новае і бяспечнае.