Як «Альшанка» гасцявала ў Зэльве
Калектыву мастацкай самадзейнасці «Альшанка» Востраўскага СДК пашчасціла спяваць на X юбілейным свяце «Ганненскі кірмаш», што ладзіўся ў Зэльве. Нашы зямлячкі былі ўдастоены гонару адкрыць канцэртную праграму «Весяліся – не журыся», разам з іншымі творчымі калектывамі віталі перадавікоў жніва Зэльвенскага раёна.
Гучныя апладысменты гучалі ў адрас «Альшанкі» пасля кожнага музычнага нумара. За захаванне нацыянальных традыцый нашыя самадзейныя артысткі былі адзначаны дыпломам. Ад гледачоў атрымалі шчырыя словы ўдзячнасці за добрыя народныя песні, прыгожае і яркае іх гучанне.
Спявачкі падзівіліся на кірмашы на імправізаваныя падворкі, выставу коней (жывых і самаробных), з захапленнем паглядзелі сапраўдны вясельны абрад, сталі сведкамі конкурсу на лепшы каравай, на самую прыгожую конную павозку, убачылі там яшчэ шмат чаго цікавага i эксклюзiўнага.
Алена КУЛАК,
удзельніца «Альшанкі».