А заўтра – салдаты
Павестка ў ваенкамат, медыцынскія камісіі, урачыстыя провады, развітанне з бацькамі, сваякамі, каханымі, у некаторых нават з жонкамі і дзецьмі… Юнакі ў цывільным адзенні яшчэ пакуль няспешна займаюць сваё месца ў страі навабранцаў. Але наперадзе іх чакае служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь – выкананне ганаровага абавязку. Як расказаў начальнік групы прызыву Ляхавіцкага райваенкамата Аляксандр Байчык, падчас сёлетняй восеньскай прызыўной кампаніі ўпершыню прымераюць на сябе салдацкую форму і будуць вучыцца асновам прафесіі абаронцы Айчыны 39 юнакоў Ляхавіччыны: 35 з іх будуць несці тэрміновую службу, а 4 — прызваны на службу ў рэзерве.
Тэрміновую службу мясцовыя нава-бранцы будуць праходзіць у дэсантных унутраных войсках, мабільных часцях сухапутных войскаў, часцях ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.
Апошні наказ ад бацькоў служыць годна і дастойна, як належыць сапраўдным мужчынам, абяцанні будучых салдат абавязкова пісаць пісьмы дамоў, ласкавы позірк каханай… І вось яно, развітанне з “грамадзянкай”. Наперадзе – салдацкія будні і святы. Служы, абаронца!
Галіна КАНЬКО