Дзе нарадзіліся, там і згадзіліся

Пад музычны акампанемент са сцэны гучалі гісторыя вёскі і калгаса, які быў арганізаваны ў 1949 годзе, імёны яго першых працаўнікоў. У наш час Малое Гарадзішча мае статус аграгарадка з 353 жыхарамі.

А замест калгаса імя Свярдлова многія мясцовыя жыхары працуюць у філіяле “Комплекс” ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Школа-сад, бібліятэка, сельскі Дом культуры, аддзяленні пошты і ашчаднага банка, магазіны, лазня, фельчарска-акушэрскі пункт, комплексны прыёмны пункт РКБА – развітая сацыяльная інф-раструктура не толькі для агра-гараджан, але і для жыхароў суседніх вёсак.

Вяскоўцы ўспомнілі сваіх землякоў, якія абаранялі Радзіму ў гады ваеннага ліхалецця. На жаль, цяпер у Малым Гарадзішчы застаўся толькі адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны – Іван Віхноўскі, які пайшоў ваяваць супраць фашыстаў у 20-гадовым узросце, быў паранены. Успомнілі на свяце і вязняў фашысцкіх канцлагераў Таццяну Віхноўскую і Яўгенію Кудзін.

Віталі вяскоўцы самага старэйшага і самага малодшага жыхара, тых, хто прайшоў дарогамі Афганістана, хто прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама будучых абаронцаў Айчыны. Менавіта ў гэты дзень у вёсцы з’явілася і новая маладая сям’я – шлюб зарэгістравалі Сяргей Зубік і Алена Шыпіла. Напярэдадні прафесійнага свята былі адзначаны і лепшыя працаўнікі сельгасвытворчасці філіяла “Комплекс”.
Свята вёскі традыцыйна не абышлося без выставы работ народных умельцаў і канцэрта мастацкай самадзейнасці, падрыхтаванага мясцовымі артыстамі.

Міхаіл КАРПОВІЧ,
дырэктар
Малагарадзішчанскага СДК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *