Жыхар Куршынавіч украў у брата 50 літраў бензіну (навіны РАУС)

Яма

Гэту яму пазнае любы жыхар вуліцы Цітовіча ў райцэнтры ці той, каму хоць зрэдку даводзіцца там хадзіць-ездзіць. З’явілася яна, па словах жыльцоў тутэйшых дамоў, яшчэ ў маі гэтага года. Справа планавалася добрая: падвесці людзям газ. Дзеля такога нейкі час сусе-дзям можна як-небудзь і пацярпець нязручнасці. Вось толькі гэты самы “нейкі час” зацягнуўся… на паўгода. Работ, якія падрадзілася выканаць тады яшчэ СПМК-16 (сёння арганізацыя аб’ядналася з ПМК-17 пад назвай апошняй), і не бачна… Затое добра бачна яма, што заняла паўдарогі. Праўда, з’арыентавацца і не трапіць у яе можна толькі днём. Ні агароджання, ні, тым больш, падсветкі. У цёмны час сутак не заўважыш і з некалькіх крокаў. Інакш як пасткай для людзей і машын і не назавеш…

З дня на дзень можа выпасці снег, які прыцярушыць смецце, што за гэтыя месяцы назбіралася ў яме. Вось толькі ці стане яна ад таго менш небяспечнай?

Азвярэлі?

Негасцінна сустрэлі 45-гадовага тухавічаніна  ў Ляхавічах: яго збілі  і забралі каля 200 тысяч рублёў. Прынятымі  мерамі вышуку ўстаноўлена, што шкоду пацярпеламу нанёс 30-гадовы жыхар  вёскі Станчакі.

У РАУС паступіла паведамленне аб тым, што ў сваім доме ў вёсцы Туркі знойдзены нежывым мужчына 1960 года нараджэння з цялеснымі пашкоджаннямі. Падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена, што гаспадару дома падчас сваркі вечарам удары нагамі і рукамі нанёс яго 29-гадовы сын. Пракуратура Ляхавіцкага раёна па гэтым факце ўзбудзіла крымінальную справу па частцы 1 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (забойства).

Ласыя на чужое дабро

Аб прапажы 50 літраў бензіну ў міліцыю заявіў жыхар Куршынавіч. Як высветлілася, “паліва” ў яго ўкраў брат.

Яшчэ адзін брат не знайшоў лепшага спосабу палепшыць сваё матэрыяльнае становішча, чым украсці ў сястры залатыя ўпрыгожванні.

Пакуль жыхарка вёскі Падлессе займалася справамі на цялятніку малочнатаварнай фермы, з кішэні яе курткі, якая вісела ў памяшканні, нехта ўкраў кашалёк з 300 тысячамі рублёў. Праводзіцца праверка.

Са зводкамі РАУС
знаёмілася
Галіна ЗАРЭЧНАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *