Дзень ведаў, а з ім і пачатак новага навучальнага года, сталі святамі не толькі для хлопчыкаў і дзяўчынак, іх бацькоў, настаўнікаў, але і для іншых неабыякавых людзей. Дабрачынныя акцыі, прымеркаваныя да гэтай падзеі, пачаліся яшчэ летам і прадаўжаюцца, даказваюць, што добрых і спагадлівых людзей у нас шмат. Калектыў магазіна «Усходні» першым падтрымаў ініцыятыву тутэйшай адміністрацыі: каля адной з кас гандлёвай кропкі ўстаноўлена карзіна, кожны можа купіць што-небудзь з ласункаў і пакласці ў «Кошык дабрыні». Па меры яе напаўнення пачастункі перадаюцца дзецям з сацыяльных цэнтраў, дамоў сямейнага тыпу, малазабяспечаных і неўладкаваных сем’яў. Першымі салодкія падарункі ўжо атрымалі выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Наступны раз дабрачынная дапамога адправіцца ў сацыяльна-педагагічны цэнтр.
Прадпрымальнік Людміла Радзюк расказала, што гэта першая падобная акцыя ад «Усходняга», яна будзе працягвацца ўвесь верасень. Кожны можа далучыцца да добрай справы – падарыць радасць і задавальненне незнаёмаму хлопчыку ці дзяўчынцы. Дарэчы, першы тыдзень існавання “Кошыка дабрыні” паказаў, што многія ляхавічане ўмеюць рабіць дабро.
Галіна КАНЬКО.
Выарыстана ілюстрацыя.