На пшанічным полі свята. ЗАТ «Белпрампрыбор»
Прыгожа і ўпэўнена плыве па залатым полі магутны камбайн-карабель, недалёка верна нясуць варту буслы, шчодрае сонейка і ясна-блакітнае неба – мірны пейзаж, назва якога – жніво.
У ЗАТ «Белпрампрыбор» жніўны экзамен, можна сказаць, здаваў увесь калектыў – кожны ў той ці іншай ступені меў дачыненне да ўборкі. Пасеяць, вырасціць, убраць і захаваць – працавалі ў поўную сілу.
Экіпаж камбайна КЗС-1218 у складзе Міхаіла і Сяргея Зубікаў стаў адным з першых тысячнікаў у раёне: у іх сям’і заведзена працаваць старанна і грунтоўна.
Яшчэ адзін перадавы збожжаўборачны экіпаж – Аляксандр Дубіна і Аляксандр Мятко. Прафесіяналы, за чыімі плячамі не адзін уборачны сезон. Шчыравалі на рапсе,
на збожжавых. Іх вынік таксама пераваліў за тысячу тон.
Сваё прафесійнае майстэрства чарговы раз пацвердзілі белпрампрыбораўскія вадзіцелі Мікалай Бярэзіч і Валерый Вайцешык. Прозвішча першага прагучыць сёння на раённых «Дажынках», дзе за добрасумленную працу Мікалаю Бярэзічу будзе ўручана Падзячнае пісьмо абкама прафсаюза работнікаў АПК.
З заканчэннем жніва клопатаў у аграрыяў не зменшылася. Засыпалі ў засекі збожжа, пасеялі рапс, прыступілі да сяўбы з азімых. Сельскагаспадарчы год працягваецца.