Лялька на шчасце. 15 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень бібліятэк
Каля 12 тысяч экзэмпляраў – такі кніжны фонд Тухавіцкай сельскай бібліятэкі. Усім гэтым багаццем карыстаюцца больш за 480 чытачоў рознага ўзросту. Сярод пастаянных наведвальнікаў не толькі тухавічане, але і жыхары Забер’я, Рагачоў, а таксама дарослыя і дзеці, якія прыязджаюць сюды ў госці ці на канікулы да родных і сваякоў і знаходзяць час зазірнуць у бібліятэку.
– Некалі чытачоў было ў разы больш, не паспявала фармуляры запаўняць. Потым са з’яўленнем інтэрнэту інтарэс да кнігі стаў згасаць: школьнікі прыходзілі ўзяць што-небудзь па вучэбнай праграме, дарослыя ў асноўным цікавіліся часопісамі ці дэтэктывамі. Аднак апошнім часам сітуацыя стала мяняцца ў лепшы бок. Людзі зноў успомнілі пра кнігу, і гэта прыемна, – гаворыць бібліятэкар Тамара Кандратчык.
Тамары Уладзіміраўне ёсць з чым параўноўваць. 35 гадоў назад пасля заканчэння бібліятэчнага тэхнікума (пазней атрымала вышэйшую адукацыю ў інстытуце культуры) дзяўчына прыехала па размеркаванні ў Тухавічы. Так і засталася тут, выйшла замуж, нарадзіла двое дзяцей, цяпер вось галоўны клопат бабулі – чацвёра ўнукаў-гарэз. Дарэчы, дачка Святлана з дзяцінства магла гадзінамі бавіць час у мамы на рабоце, шмат чытала. І цяпер прадаўжае бібліятэкарскую дынастыю: працуе ў Прэзідэнцкай бібліятэцы.
– Старшакласнікі ад электронных кніг зноў вяртаюцца да папяровых. І гэта зразумела: звычайная кніга зусім па-іншаму ўспрымаецца. Моладзь стала часцей зазіраць у бібліятэку. Сярод маладых чытачоў папулярная гістарычная літаратура. Старэйшыя землякі аддаюць перавагу дэтэктывам, раманам, аповесцям сучасных аўтараў. А, напрыклад, лабарант Тухавіцкай урачэбнай амбулаторыі Наталля Маслоўская – заўзятая аматарка беларускамоўных аўтараў. Самая чытаючая сям’я – Дыдышкі з Тухавічаў: Сабіна і Станіслаў за мінулы год прачыталі на дваіх каля 700 кніг, газет, часопісаў, – дзеліцца сельскі бібліятэкар.
Бясспрэчна, кнігі – галоўнае захапленне Тамары Кандратчык. Але, як чалавек творчы, яна з інтарэсам займаецца самымі рознымі відамі рукадзелля. Аб’яднала вакол сябе цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак, і разам яны спасцігалі тэхніку саломапляцення (і цяпер саламяныя вырабы ўпрыгожваюць памяшканне Тухавіцкай сельскай бібліятэкі), ладзілі выставы, у тым ліку і выязныя.
На курсах у Брэсце 4 гады назад Тамара Уладзіміраўна настолькі ўразілася працэсам вырабу беларус-кіх народных лялек- абярэгаў, што, як толькі вярнулася дамоў, адразу захапіла ідэяй мясцовую дзятву.
– Нашы продкі верылі, што лялькі, зробленыя сваімі рукамі, аберагаюць ад нячыстай сілы, прыносяць у хату дабрабыт і парадак. Кожная лялька мела сваё прызначэнне. «Дамавік» – заступнік дома, добры дух, засцерагае ад сварак у сям’і. «Зайка» – абярэг для маленькіх, надзяваецца на пальчык дзіцяці, якому страшна заставацца дома аднаму, ці калі малое кладзецца спаць. «Траўніца» напоўнена духмянымі зёлкамі і сочыць за тым, каб хвароба не пракралася ў хату. «Спадарожніца» ахоўвае гаспадара ад розных непрыемнасцей у дарозе, а «Жаданніца» выконвае ўсе мары сваёй гаспадыні і абавязкова хаваецца ад чужога вока ў патаемным месцы, – пра лялькі Тамара Уладзіміраўна можа расказваць бясконца.
Захапіліся гэтай тэмай і самыя актыўныя юныя майстрыхі: сёстры Ганна і Ксенія Вітко, Ангеліна Валчок, Вікторыя Вараб’ёва. Адна з апошніх работ, выкананых дзяўчынкамі, – «Лялька на шчасце». Гэта мініяцюрная прыгожая дзяўчына з доўгай касой і паднятымі да сонейка рукамі. Каса – сімвал жаночай сілы, сімвалізуе здароўе, дастатак, прыгажосць і доўгае жыццё.
У кожны з абярэгаў укладваецца душа, таму яны атрымліваюцца такімі цудоўнымі. Народныя лялькі заўсёды ў цэнтры ўвагі на выставе. Тамара Кандратчык правяла шмат майстар-класаў па іх вырабе. А дзяўчынкі не стамляюцца ствараць новыя абярэгі, каб потым з радасцю падарыць іх родным, сябрам.
Не толькі кнігамі і творчымі майстэрнямі прыцягвае наведвальнікаў Тухавіцкая сельская бібліятэка. Тут ладзяцца разнастайныя выставы, конкурсы, віктарыны, тэматычныя мерапрыемствы, сустрэчы. Нават у эру электронных гаджэтаў бібліятэка заўсёды знойдзе свайго чытача.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Цэнтралізаваная раённая бібліятэчная сістэма сёння – гэта купалаўка, дзіцячая і 23 сельскія бібліятэкі, бібліобус. У іх фондах больш за 387 тысяч экзэмпляраў кніг, газет, часопісаў.
З пачатку года ў бібліятэкі раёна паступіла 400 новых выданняў. Папаўняюць скарбонку і чытачы (іх у нашых бібліятэках 13367) – дзеляцца кнігамі з дамашніх бібліятэк.
Вось такімі заняткамі і цікавымі ідэямі можна прыцягнуць дзяцей у бібліятэку.І пачытаюць, і навучацца вырабляць прыгажосць. Няхай бы і іншыя землякі расказалі пра свае таленты і захапленні.