Анкалогія – не прыгавор

Дзяржаўная комплексная праграма прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў на 2010-2014 гады зацверджана ў Беларусі. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў ад 1 лютага 2010 года № 141, паведамілі ў апараце Саўміна.
У дакуменце ў якасці заказчыаў дзяржпраграмы вызначаны Міністэрства аховы здароўя, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам. Міністэрства аховы здароўя таксама будзе выконваць функцыю каардынатара работы па рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржпраграмы і штогод да 25 лютага на аснове справаздач, што прадстаўляюцца заказчыкамі, інфармаваць Савет Міністраў.
Як паведамляла БЕЛТА са спасылкай на намесніка начальніка ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Людмілу Жылевіч, сітуацыя з анкалагічнай захваральнасцю не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі сведчыць аб маштабнасці праблемы: злаякасныя новаўтварэнні займаюць адну з вядучых пазіцый у агульнай структуры смяротнасці насельніцтва. У нашай краіне накоплены дастатковы вопыт у дыягностыцы і лячэнні гэтай паталогіі. Анкалагічная служба рэспублікі знаходзіцца на высокім узроўні. Сведчаннем гэтага з’яўляецца той факт, што ўжо многія гады анкалагічныя хворыя не накіроўваюцца на лячэнне за мяжу.
Цяпер у рэспубліцы асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю дыягностыкі ранніх форм анкалагічных захворванняў, бо рак на ранняй стадыі вылечваецца, што дае магчымасць захаваць пацыенту якасць жыцця.
Людміла Жылевіч таксама адзначала, што ў дзяржпраграму па барацьбе з анкалагічнымі захворваннямі закладзены прафілактычныя меры і скрынінгавыя мерапрыемствы, накіраваныя на ранняе выяўленне, а таксама на папярэджанне развіцця захворвання. У той жа час, лічыць спецыяліст, намаганняў толькі ўрачоў мала. «На жаль, поўнасцю прадухіліць рост захваральнасці адны ўрачы не могуць. Вельмі важна, каб самі пацыенты задумаліся аб сваім здароўі і прыходзілі да спецыялістаў своечасова, а не тады, калі дапамагчы цяжка, а, часам, немагчыма», — падкрэсліла намеснік начальніка ўпраўлення.
Паводле даных галоўнага пазаштатнага анколага Міністэрства аховы здароўя, намесніка дырэктара РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Сяргея Краснага, якія ён агучыў у снежні 2009 года на міжнародным навукова-практычным семінары «Прафілактыка і скрынінг ракавых захворванняў у Беларусі», за апошнія 38 гадоў колькасць выпадкаў анкалагічных захворванняў вырасла амаль у 4 разы. Калі ў 70-х гадах дыягназ рак у дзень ставіўся ў 38 выпадках, то ў 2008 годзе — ужо ў 111. Усяго за гэтыя гады зафіксавана больш за 1 мільён хворых на злаякасныя нова ўтварэнні.
Аналіз сітуацыі ў рэспубліцы, пачынаючы з 70-х гадоў, сведчыць аб тым, што па некаторых формах лакалізацыі ракавых захворванняў адзначаецца тэндэнцыя да змяншэння колькасці выпадкаў, па іншых — адносная стабілізацыя, але ёсць і рост. Напрыклад, апошнім часам спецыялісты адзначаюць, што значна пачасціліся выпадкі раку скуры і меланомы, раку цела маткі, прастаты, ныркі, малочнай залозы. Усяго за апошнія 10 гадоў колькасць усіх выпадкаў злаякасных новаўтварэнняў павялічылася на 25 працэнтаў. А да 2030 года ў Беларусі на анкалагічныя захворванні могуць хварэць каля 80 тыс. чалавек.

БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *