Ляснымі сцежкамі. 17 верасня — Дзень работнікаў лесу

Дырэктар лясной гаспадаркі Міхаіл Свістун.

Лясная гаспадарка Ляхавіччыны раскінулася на плошчы больш як  53 000 гектараў. Яе догляд, выкарыстанне, аднаўленне – клопат ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас».

Тутэйшыя працаўнікі (а сёння іх 230), як ніхто іншы, ведаюць сэнс і важкасць слоў: «лес – наша багацце». На першы погляд, іх будні – рамантыка, ахутаная яднаннем з прыродай. А на справе ад іх паўсядзённых клопатаў залежыць і прыгажосць роднага краю, і экалагічная,  і ў многім эканамічная бяспека краіны. Адзнаку іх паўсядзённай і руплівай працы ставім не толькі мы, сучаснікі, але і наступныя пакаленні.

Як структурнае падраздзяленне лясгас створаны ў 1960 годзе. За амаль 6 дзесяцігоддзяў змянілася многае – тэхніка і тэхналогіі, работнікі. Многіх з іх, дарэчы, у калектыве і сёння ўзгадваюць добрым словам. Напрыклад, Сяргея Домася, які ўзначальваў лясгас з 1975 па 1986 гады. Менавіта ў гэты час лясгасаўцы асвоілі выпуск хваёва-вітаміннай мукі, якая была даволі запатрабаванай у сельскай гаспадарцы.

А самым пачаткам лясной гісторыі Ляхавіцкага краю можна лічыць 1947 год.  Менавіта тады было створана Востраўскае лясніцтва, якое сёння не толькі старэйшае, але і адно з найбольш паспяховых падраздзяленняў ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас». 12600 гектараў – зона адказнасці тутэйшага калектыву з 30 чалавек пад кіраўніцтвам вопытнага ляснічага Сяргея Амбражэя.

– Адказныя адносіны да сваіх абавязкаў, прафесіяналізм, своечасовае і якаснае выкананне пастаўленых задач – гэта вызначае ўсіх, хто працуе ў Востраўскім лясніцтве, – расказвае дырэктар лясгаса Міхаіл Свістун.

Зусім нядаўна завершана рэканструкцыя тутэйшага адміністрацыйнага будынка, што зрабіла будні мясцовых работнікаў больш зручнымі.  Дарэчы, гэта лясніцтва –  адзінае  ў раёне мае статус вопытна-вытворчага. Яшчэ адна яго адметнасць –   пчальнік.  І нават сёлета, нягледзячы на не надта спрыяльныя ўмовы надвор’я, ураджай  гаючага салодкага пачастунку парадаваў. А як інакш, калі за справу бяруцца прафесіяналы – браты Васілій і Іван Навумчыкі!  І з нарыхтоўкай драўніны тут таксама добра спраўляюцца.  Сярод перадавікоў і майстар лесу Сяргей Валчок.  Ён шчыруе не толькі ў сваім раёне. І летась, і сёлета ўдзельнічаў у  ліквідацыі наступстваў урагану, які бушаваў у Смалявіцкім і Чэрвеньскім раёнах.  Побач з Сяргеем працаваў і яго калега вальшчык лесу Мікалай Зубік. Менавіта ён сёлета прадстаўляў Ляхавіцкі лясгас на абласным этапе конкурсу  «Лесаруб».

Ліквідацыю наступстваў  стыхіі і лесааднаўленне на найбольш пацярпелых тэрыторыях  можна лічыць справай завершанай. І сёння асноўныя лясгасаўскія сілы накіраваны на барацьбу з сур’ёзным прыродным бедствам, назва якому – караед.  Па словах намесніка дырэктара лясгаса Наталлі Адаменка, акрамя высечкі пашкоджаных караедам соснаў на тэрыторыі сваёй гаспадаркі, ляхавіцкія лясгасаўцы дапамагаюць калегам з іншых раёнаў. Цяпер, напрыклад, людзі і тэхніка задзейнічаны  ў Лунінецкім лясгасе.

Па многіх паказчыках на перадавых пазіцыях работнікі Ляхавіцкага лясніцтва. Ляснічы Віктар Заяц, які доўгі час працаваў тут майстрам, – граматны кіраўнік,  здолеў стварыць сапраўдную каманду аднадумцаў, якія з лёгкасцю спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. Менавіта тут доўгі час шчыраваў  трактарыст на тралёўцы драўніны Пётр Юнік, які цяпер на заслужаным адпачынку.

Прозвішча яшчэ аднаго трактарыста, на гэты раз з Крывошынскага лясніцтва, Аляксандра Герасімовіча сёлета занесена на раённую Галерэю славы. Калегі пацвярджаюць: заслужана! На працягу  4 дзесяцігоддзяў Аляксандр Герасімовіч  не здраджвае прафесіі і лясніцтву, да вінціка ведае тэхніку,  кіруе ёй, як ас. Надзвычай  адказны і сціплы чалавек, Аляксандр Мацвеевіч не любіць гаварыць пра свае поспехі:

– Працую, як усе, калі ўзяўся за работу – трэба выконваць яе якасна і дбайна.

А ў калектыве з павагай дадаюць: нават нягледзячы на шаноўны ўзрост, ён і цяпер актыўна ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў стыхіі, выязджаў у іншыя раёны.

Яшчэ адзін выдатны вадзіцель лясгаса – Аляксандр Масяйкоў, які займаецца вывазам драўніны з нарыхтоўчых дзялянак. Сёлета Аляксандр Васільевіч перасеў на новенькі МАЗ. У кіраўніцтва прадпрыемства не было сумненняў, каму даверыць новую тэхніку.

Няма  такой прылады, якая б у залатых руках майстра па рамонце лесапільнага абсталявання Мікалая Скрунды не набыла другое жыццё. Мікалай Міхайлавіч  збіраецца на заслужаны адпачынак, а прафесійныя  сакрэты перадае свайму сыну, які таксама працуе ў лясгасе.

Штодзённы абход участка,  санітарны стан лесу, лесааднаўленне – непасрэдныя  клопаты лесніка Міхаіла Дыдышкі. У свой час ён выконваў інтэрнацыянальны  абавязак – праходзіў службу ў Афга-ністане. Надзейны, сур’ёзны і вельмі адказны, вось ужо 18 гадоў ён служыць лесу і стаіць на варце інтарэсаў яго насельнікаў.

29 гадоў назад маладым спецыялістам прыйшла ў Крыво-шынскі цэх дрэваапрацоўкі  бухгалтар Святлана Гатоўчыц. Па словах Міхаіла Свістуна, такія  працаўнікі, як Святлана Пятроўна, а таксама  заточнік па пілах Міхаіл Герасімовіч – гонар калектыву.

Дарэчы, цэх дрэваапрацоўкі, які ў бліжэйшы час плануецца рэканструяваць і мадэрнізаваць – адно з падраздзяленняў лясгаса, якое адпраўляе сваю прадукцыю (40 працэнтаў ад  агульнага аб’ёму) на экспарт.  Лясгас экспартуе балансавую драўніну, піламатэрыялы, тэхнічную сыравіну ў  Польшчу, Румынію, Венгрыю, Германію, Украіну.

Здавалася б, нічога складанага ў пасадзе  загадчыка гаспадаркі няма.  На справе ж –  зусім інакш.  Работа мясцовай кацельнай гаспадаркі, запраўка тэхнікі палівам, дзейнасць вартаўніцкай службы, электразабеспячэнне – у зоне павышанай увагі. Выдатна спраўляецца з усім гэтым Наталля Бушэйка.

І калі вытворчыя паказчыкі могуць многае сказаць пра работу прадпрыемства, то адносіны яго працаўнікоў да сваіх абавязкаў – пра адданасць выбранай прафесіі. Але не толькі работа аб’ядноўвае лясгасаўцаў.  Яны разам адпачываюць, падарожнічаюць, адстойваюць гонар прадпрыемства і раёна ў разнастайных спартыўных спаборніцтвах, конкурсах прафесійнага майстэрства.

На змену старэйшаму пакаленню прыходзіць маладое папаўненне, у асноўным са спецыяльнай адукацыяй. Маладыя трымаюць раўненне на вопытных прафесіяналаў. У лясгасе заўсёды рады ветэранам лясной гаспадаркі, да іх прыслухоўваюцца, іх паважаюць, не забываюць. На працягу многіх гадоў узначальваў лясгасаўскую  прафсаюзную арганізацыю Зыгмунд Навумовіч, які карыстаўся нязменным аўтарытэтам  у калектыве. І прафесіянал ён з вялікай літары – працаваў эканамістам па зарплаце.  І сёння з павагай калегі гавораць пра былога спецыяліста па кадрах Ірыну Краўчанка – уважлівага чалавека і высокакваліфікаванага работніка.

Безумоўна, назваць усе прозвішчы, прыгадаць усе дасягненні і расказаць пра ўсе перспектывы на адной газетнай старонцы немагчыма. Але такая мэта і не ставілася. «ЛВ» проста нагадаў землякам, што ёсць такая важная прафесія –   вырошчваць лес. І ёсць шчырыя, надзейныя, адказныя людзі, якія звязалі свой лёс з гэтай прафесіяй.

Са святам, паважаныя работнікі і ветэраны лясной гаспадаркі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

ДАРЭЧЫ, у склад ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» уваходзяць 6 лясніцтваў і цэх дрэваапрацоўкі. Выдатная прапанова для турыстаў і адпачываючых – гасцявы домік у вёсцы Мыслабаж.

Загадчыца гаспадаркі Наталля Бушэйка і вартаўнік Віталій Лазараў.

Адміністратар гасцявога доміка Наталля Ізафатава.

Майстар цэха Яўгеній Наркевіч (справа) і механізатар Міхаіл Зубік з новым «Амкадорам».

Вядучы інжынер па ахове і абароне лесу Аляксандр Лебядзеўскі і рабочыя пажарна-хімічнай станцыі Уладзімір Бацкалевіч і Дзяніс Жэрка.

Электрагазазваршчык Іван Шклянік, слесар Васілій Нікітовіч і токар Андрэй Бабко.

Інжынер-механік Наталля Чаранкевіч і галоўны механік Павел Шпак.

Гасцявы домік у Мыслабажы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *