На “лесвіцы поспеху” – навічкі

Цёпла і ўтульна было  ў  зале гарадскога Дома культуры – ад цудоўнага настрою, шчырых усмешак і атмасферы добразычлівасці, якія панавалі падчас правядзення традыцыйнага фестывалю прысвячэння ў навучэнцы “Студэнцкая восень”. З прывітальным словам да рабят звярнуўся дырэктар каледжа Вячаслаў Сельмановіч. Па традыцыі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Тарасевіч уручыла ўсім першакурснікам вялікі імправізаваны студэнцкі білет. Дарэчы, штогадовае свята ўпершыню прайшло не ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы, а выйшла на больш шырокую глядацкую аўдыторыю – у ГДК.

Як і ў мінулыя гады, сёлета ў цэнтры ўвагі былі групы новага набору  заатэхнічнага, агранамічнага і аддзялення ветэрынарнай медыцыны. Як расказаў намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ЛДАКа Мікалай Дабрыянец, рабяты і іх куратары з энтузіязмам, натхненнем і задавальненнем рыхтаваліся  да фестывалю па тэме “Лесвіца поспеху: я, мая група, маё аддзяленне, мой каледж”.

Пачалася фестывальная праграма выступленнем мінулагодняга пераможцы – 21-й групы аддзялення ветэрынарнай медыцыны. А далей – “запальвалі” навучэнцы-навабранцы. Падчас прэзентацыі кожная група-навічок расказала пра абраную спецыяльнасць, як вучацца і адпачываюць аднагрупнікі, пра інтарэсы і захапленні кожнага. Потым юнакі і дзяўчаты з 7 груп сур’ёзна і з гумарам разважалі пра сённяшняе жыццё каляджан і каледжа, уздымалі глабальныя праблемы і вельмі простыя пытанні, раскрывалі свае таленты і ўменні. Навічкі не падвялі: артыстызму,  іскрамётнага гумару,  іншых запамінальных момантаў было шмат. Рабяты разам з выкладчыкамі аказаліся здатнымі на многае, што не магло не спадабацца і гледачам (зала была запоўнена  поўнасцю), і журы. Таму на працягу ўсяго фестывалю было цікава, весела і захапляюча.

Пераможцам па агульным выніку прызнана 11-я група заатэхнічнага аддзялення (куратар Вольга Сакун),  на 2 і 3-м месцах адпаведна 23-я група плодаагароднінаводаў (куратар Таццяна Прыхач) і 11 група аддзялення ветэрынарнай медыцыны (куратар  Раіса Анташук). Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы, салодкія пачастункі і падарункі ад дырэкцыі і прафкама навучэнцаў ЛДАКа.

Вызначаны лепшыя ў намінацыях. Як заўсёды запомніліся выступленні таленавітых зорак ЛДАКа – удзельнікаў  клуба “Юнацтва”.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *