Зборная кампазіцыя
Каб падштурхнуць насельніцтва да карыснай і важнай справы Ляхавіцкая ЖКГ прапануе аплаціць камунальныя паслугі здачай макулатуры, шклабою, пэт-бутэлек ці поліэтылену і іншай другаснай сыравіны. Прымаюць яе ў прыёмным пункце па вуліцы Чкалава. Калі з’явілася патрэба здаць старую тэхніку, то камунальнікі па тэлефанаванні прыедуць самі. З даведзенага гадавога задання нарыхтаваць 500 тон паперы і кардону, ЖКГ сабрала менш паловы, на 46 працэнтаў выканала збор шкла і каля 11 працэнтаў – пластыку.
Кантэйнеры для паасобнага збору другасных адходаў, якія стаяць па ўсім райцэнтры і не толькі, многія нашыя землякі часта ігнаруюць. А могуць і пакет з бытавым смеццем побач паставіць ці нават выкінуць яго ў кантэйнер. Між тым, пры гаспадарскім падыходзе старая тэхніка, пластык ці папера пераўтвараюцца ў карысныя рэсурсы.
На сартавальнай лініі, напрыклад, макулатуру прасуюць і адпраўляюць на прадпрыемства-перапрацоўшчык, дзе з яе вырабляюць кардон, санітарна-гігіенічную паперу і г.д. Не многія ведаюць, што перапрацаваныя пэт-бутэлькі выкарыстоўваюцца ў вытворчасці прэформаў, тэкстылю (штучнай шэрсці), з гэтай сыравіны адліваюць чарапіцу і еўратару. Дабаўляючы ў ПЭТ шкловалакно, атрымліваюць абразіўныя кругі для шліфавання і паліравання. Выходзіць, што бутэлька з-пад напітку на справе не смецце, а стратэгічная сыравіна.
У райпо 2 перасоўныя пункты па зборы другаснай сыравіны, якія мабільна рэагуюць на запыты насельніцтва і выязджаюць нават у аддаленыя кропкі раёна. Самымі актыўнымі здатчыкамі, як правіла, становяцца школы, дзіцячыя садкі, адзначае дырэктар кааппрама Галіна Якубец. Прымаюць макулатуру і 4 стацыянарныя прыёмныя пункты – на рынку, вуліцах Цітовіча, Савецкай і па завулку Вакзальным. Разлік за яе на месцы. У сельскай мясцовасці, дзе кожны магазін яшчэ і прыёмны пункт другаснай сыравіны, грошы можна адразу канвертаваць у прадукты. Усяго ж з моманту старта месячніка «ўраджай» спажывецкага таварыства склаў 7 тон макулатуры, 500 кілаграмаў поліэтылену, 5,5 тон шклабою. Уключыліся ў збор макулатуры школьнікі і дашкольнікі: дзеці разам з бацькамі нясуць у школу акуратныя стосікі старых сшыткаў, газет ці кардону.
Шэраг прадпрыемстваў і арганізацый сваё дамашняе заданне па нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў – паперы і кардону – ужо выканалі, хаця ёсць і тыя, каму належыць яшчэ добра папрацаваць. А да збору пластыку, як расказалі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, прыступілі яшчэ не ўсе. Сярод іх ільнонасенстанцыя, ПМК-17, «БелДан» і ПГУП «ЗападХімГандаль».
З даведзеных раёну для нарыхтоўкі 700 тон макулатуры з пачатку года сабрана толькі 196 тон ці 28 працэнтаў. Да выканання задання неабходна сабраць яшчэ каля 40 тон шын і больш за
20 тон адходаў бытавой тэхнікі. За апошнія адказваюць ЖКГ і райпо. Каэфіцыент карыснага дзеяння райпо ў гэтым пытанні – нулявы: на 18 верасня з 5 тон яно не нарыхтавала ні кілаграма. «Ураджай» камунальнікаў склаў каля 5 тон з неабходных 20.
Фактычна агульнае заданне па нарыхтоўцы другаснай сыравіны, раёнам выканана пакуль на 39 працэнтаў. А да канца года за-стаецца крыху больш за 3 месяцы…
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Калі кожная сям’я збярэ хаця б кілаграмаў 5 макулатуры, то колькі дрэваў зможам захаваць. Пра такубю ўніверсальнасць пластыка нават не ведала. Буду абавязкова сама збіраць і іншым раіць.