Гісторыя на стэлажах
У 1939-1940 гадах у сувязі з устанаўленнем савецкай ўлады ў заходніх абласцях БССР пачалі сваю дзейнасць і архіўныя органы, была створана сетка дзяржаўных і ведамасных архіваў, што не толькі збіралі дакументы і забяспечвалі іх захаванасць, але і ажыццяўлялі інфармацыйнае абслугоўванне ўсіх галін народнай гаспадаркі, навукі і культуры. 11 лютага 1940 года была прынята Пастанова Савета Народных Камісараў БССР “Аб арганізацыі архіўнай справы ў Баранавіцкай, Пінскай, Вілейскай, Брэсцкай і Беластокскай абласцях БССР”, згодна якой у пералічаных абласцях былі створаны абласныя архівы для канцэнтрацыі, уліку, захоўвання, прывядзення ў парадак і навуковай распрацоўкі архіўных матэрыялаў.
Дзейнасць архіўных устаноў на тэрыторыі вобласці была перапынена нападам нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені 1941 года. З вызваленнем тэрыторыі Баранавіцкай вобласці ў ліпені 1944 года прымаліся тэрміновыя меры па аднаўленні архіўных устаноў вобласці, узнаўленні іх дзейнасці, выратаванні і прывядзенні ў парадак дакументаў, паляпшэнні ўмоў іх захоўвання, вызначэнні памераў шкоды, нанесенай архівам у гады вайны. Са справаздач Баранавіцкага абласнога архіва за 1944 год вынікае, што ўжо ў першыя месяцы пасля аднаўлення архіва было складзена больш за 30 актаў па ўліку страт, прычыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі Баранавіцкай вобласці. Да 1945 года ўдалося ўпарадкаваць 64 фонды, колькасць спраў у якіх перавышала 12 тысяч. Дакументы дастаўляліся з раённых дзяржархіваў, якіх на тэрыторыі вобласці было 15. Большасць з іх аказалася поўнасцю зруйнаванай, дакументы былі спалены немцамі. У астатніх райдзярж-архівах захаваліся дакументы пераважна перыяду нямецка-фашысцкай акупацыі. Напрыклад, у Ляхавіцкім райдзяржархіве захоўваліся дакументы раённай управы, воласці; у Нясвіжскім – нямецкага лясгаса, біржы працы, пашпартнага стала; у Клецкім – нямецкага банка, зямельнага аддзела раённай гарадской управы. У самім абласным архіве дакументы адносіліся да перыяду 1928-1944 гадоў. Па даных справаздач архіва за 1944-1945 гады“… будынак дзяржархіва знаходзіўся па вуліцы Міцкевіча, штат на пачатак 1945 г. складаў 20 чалавек, быў укамплектаваны ў колькасці 14 чалавек. Памяшканнем з’яўлялася былая нямецкая кухня, што складалася з 3 малых пакояў. У памяшканні стэлажоў няма, разабраны матэрыял знаходзіцца на падлозе. Матэрыялаў у архіве маецца каля 4-х тон”.
У першыя пасляваенныя гады асноўнай задачай архіва быў збор дакументальных матэрыялаў, што аб’ядноўваліся ў фонды. Да 1954 года ў 633 фондах было аб’яднана 50 тысяч дакументаў. Дзяржархіў ужо размяшчаўся ў двух будынках па той самай вуліцы Міцкевіча.
У сувязі са скасаваннем у 1954 годзе Баранавіцкай вобласці, на базе абласнога архіва быў арганізаваны дзяржаўны архіў Баранавіцкага гарвыканкама, куды прымаліся дакументы ад ліквідаваных арганізацый былой Баранавіцкай вобласці і дзеючых арганізацый г. Баранавічы, а таксама ад райдзяржархіваў. У першыя гады сваёй дзейнасці архіў правёў вялікую работу па перадачы ў іншыя дзяржархівы фондаў і асобных дакументаў арганізацый, што раней дзейнічалі на тэрыторыі заходніх абласцей БССР, і раёнаў, якія адышлі да іншых абласцей пры скасаванні Баранавіцкай вобласці. У сувязі з гэтым храналагічныя межы дакументаў, што захоўва-ліся ў архіве, звузіліся. Па даных справаздач за 1963 год тут захоўвалася 52285 дакументаў за 1939-1941, 1944-1959 гады.
У далейшым, згодна Пастановы Саўміну БССР “Аб мерах па паляпшэнні архіўнай справы ў БССР” (1963 г.), Баранавіцкі гарадскі архіў быў скасаваны, яго функцыі перададзены арганізаванаму на яго базе філіялу дзяржархіва Брэсцкай вобласці (у 1996 годзе філіял быў перайменаваны ў занальны дзяржаўны архіў). Першачаргова ў зону абслугоўвання філіяла ўваходзіла тэрыторыя г. Баранавічы, Бара- навіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. У 1965-1966 гадах у зону абслугоў-вання ўвайшла і тэрыторыя Ган- цавіцкага і Івацэвіцкага раёнаў. На пачатак 1967 года ў Баранавіцкім філіяле дзяржархіва Брэсцкай вобласці захоўвалася больш за 71 тысяча дакументаў.
У 1970 годзе для архіва быў пабудаваны новы будынак на вуліцы Лісіна. Сёння тут захоўваецца больш за 180 тысяч архіўных дакументаў, што ахопліваюць перыяды за 1939-1941, 1944-2008 гады.
Да найбольш цікавых дакументаў дзяржархіва, якія раскрываюць гісторыю Ляхавіцкага раёна, адносяцца звесткі пра нацыяналізацыю маёмасці, раскулачванне і высяленне грамадзян Ляхавіцкага раёна. Вялікую каштоўнасць уяўляюць спісы грамадзян, якія прыбылі з усходніх абласцей СССР у 1942-1943 гадах і пражывалі на тэрыторыі раёна ў 1946 годзе; дакументы Баранавіцкай абласной камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у якіх маюцца спісы жыхароў Ляхавіччыны, вывезеных у нямецкае рабства ў гады Вялікай Айчыннай вайны і загінуўшых на тэрыторыі раёна (выдача звестак па гэтых дакументах на працягу 1992–2002 гадоў дазволіла атрымаць пацярпелым у гады вайны грашовую кампенсацыю з Беларускага рэспубліканскага фонда “Узаемаразуменне і прымірэнне”). Акрамя таго, у дзярж-архіве знаходзяцца на захоўванні, пачынаючы з 1944 года, дакументы Ляхавіцкага гарадскога і раённага выканаўчага камітэта, рэдакцыі газеты “Савецкі патрыёт”,“Будаўнік камунізму”, “Ляхавіцкі веснік”, сельскіх выканаўчых камітэтаў і сельгаспрадпрыемстваў, што размяшчаюцца на тэрыторыі раёна. На захоўванне прымаюцца дакументы ўстаноў і арганізацый аховы здароўя, адукацыі, ЖКГ, сацыяльнай службы, статыстыкі, суда і пракуратуры, райспажыўтаварыства, лясгаса, падатковай інспекцыі.
Па дакументах, што захоўваюцца ў архіве, выдаюцца даведкі па гісторыі дзейнасці арганізацый, грамадзянам – аб працоўным стажы, валоданні нерухомасцю. У чэрвені 2009 года ўведзена плата за выкананне запытаў грамадзян, што датычаць маёмасных і спадчынных правоў, даведкі аб працоўным стажы выдаюцца бясплатна.
Па ўсіх пытаннях у дзяржархіве вядзецца штодзённы прыём: у панядзелак, сераду, пятніцу – з 8 да 17 гадзін, у аўторак і чацвер – з 8 да 20 гадзін.
Вольга ШЭРШАНЬ, загадчык аддзела навукова-даведачнага апарата НМУ “Занальны дзяржаўны архіў у г. Баранавічы”.