Чаго не любіць грып

Пакуль верасень і адносна цёпла. Але не за гарамі сезон актывізацыі вострых рэспіраторных  інфекцый. Грып – адна  з самых сур’ёзных, якая здольна выклікаць эпідэмію. Менавіта гэта хвароба лідзіруе сярод прычын часовай непрацаздольнасці.

Вірус перадаецца ад чалавека да чалавека пры размове, кашлі, чханні. У перыяд пад’ёму захворвання  ВРІ і грыпам рэкамендуецца сур’ёзную ўвагу надаваць прафілактыцы: скараціць час знаходжання ў людных месцах, рэгулярна мыць рукі з мылам, часцей рабіць вільготную ўборку ў кватэры, праветрываць памяшканні. Вялікае значэнне мае здаровы лад жыцця (збалансаванае харчаванне, фізічная актыўнасць, паўнацэнны сон). Трэба старацца пазбягаць кантактаў з хворымі. І, канешне, сачыць за ўласным настроем. Толькі станоўчыя эмоцыі – нязменны спадарожнік здароўя чалавека, бо дапамагаюць супрацьстаяць розным хваробам.
Самым надзейным спосабам  пазбегнуць інфекцыі з’яўляецца вакцынацыя.  Прышчэпка рэкамендуецца ўсім, але асабліва патрэбна тым, хто знаходзіцца ў групе рызыкі:  дзецям (пачынаючы з 6 месяцаў), людзям старэйшым за 65 гадоў, тым, хто мае хранічныя хваробы, цяжарным, медыкам, настаўнікам, работнікам сферы гандлю і абслугоўвання, студэнтам. Для іх вакцына бясплатная.
У склад вакцыны ўваходзіць 3 штама віруса – найбольш верагодных для  гэтага эпідсезона.  Яна не ўтрымлівае жывых вірусаў, а  толькі іх асобныя фрагменты (антыгены), якія фарміруюць імунітэт супраць грыпу.  Лепш за ўсё прышчапляцца восенню – у кастрычніку-лістападзе. На працягу 2-3 тыдняў пасля вакцынацыі фарміруецца неабходны ўзровень антыцелаў, якія забяспечваюць абарону ад грыпу  ў наступныя 4-6 месяцаў.  Варыянты вірусаў, што выклікаюць штогадовыя эпідэміі, пастаянна мяняюцца, таму вакцынавацца неабходна перад кожным сезонам.
Менавіта дзякуючы таму, што ўсё больш людзей у якасці прафілактыкі прымяняюць прышчэпку, у апошнія  гады ў раёне не рэгіструецца эпідэмія грыпу, адпаведна не закрываюцца школы і дзіцячыя садкі на каранцін, рэзка зменшылася колькасць цяжкіх пнеўманій.
Зрабіць прышчэпку можна ў працэдурным кабінеце паліклінікі, амбулаторыі.  Сёлета для масавай вакцынацыі закуплена  вакцына «Грыпал плюс» расійскай вытворчасці. Для платнай імунізацыі, акрамя гэтага прэпарата, да сярэдзіны кастрычніка будуць набыты  французскі «Ваксігрып» (арыенціровачны кошт вакцыны 10 рублёў)  і галандскі  «Інфлювак» (12 рублёў).
ФАКТ
Грып – вострае інфекцыйнае захворванне, пры якім назіраецца агульная інтаксікацыя арганізма, пашкоджваецца дыхальная сістэма. Але, перш за ўсё, яно небяспечнае сваімі ўскладненнямі: пнеўманіяй, бранхітам, атытам, сардэчна-сасудзістымі хваробамі і запаленчымі працэсамі розных органаў і сістэм. Асабліва цяжка пераносяць грып дзеці і пажылыя людзі. Часцей за ўсё ён  працякае з высокай тэмпературай, агульнай слабасцю і абавязкова патрабуе  лячэння і захавання пасцельнага рэжыму.  Па-першае, каб аблегчыць стан хворага і звесці да мінімуму ўскладненні грыпу, па-другое, каб інфекцыя не распаўсюджвалася.
Віктар МАКАРЧУК,
загадчык інфекцыйнага
аддзялення райбальніцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *