Новы дом у Ляхавічах сустракае гаспадароў

Дом, рэканструяваны за бюджэтныя сродкі, у бліжэйшыя дні прыме 35 сем’яў. А заўтра тут, на першым паверсе, афіцыйна адкрываецца цэнтр дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.
– Наша сям’я сем гадоў чакала гэтай падзеі. Вельмі рады, што нарэшце будзем мець сваё жыллё, – не хавае радасці ляхавічанка Таццяна Калгушкіна. Сям’я Калгуш-кіных – адна з першых стала ўладальніцай сертыфіката на атрыманне арэнднай кватэры ў рэканструяваным доме № 54 па вуліцы Леніна ў райцэнтры.
– Шыкоўней падарунка ніколі не атрымлівала! Нават не верыцца: я ўладальніца двухпакаёвай кватэры, – не стрымлівае эмоцый і настаўніца інфарматыкі гімназіі Паліна Белавус.
– Наогул, гэты верасень багаты на значныя падзеі ў нашым жыцці. Першыя самастойныя ўрокі, набліжаецца прафесійнае свята – Дзень настаўніка. А тут яшчэ і такі бонус – свая трохпакаёвая кватэра, – далучаецца да калегі настаўніца фізікі гімназіі Сафія Палукошка.
Шчаслівыя навасельцы (першыя з 35 уладальнікаў кватэр у гэтым доме) – настаўнікі, медыкі, супрацоўнікі праваахоўных органаў, выратавальнікі –сабраліся ў мінулую сераду ў гасцёўні купалаўкі на, без перабольшання, вызначальную падзею.
– Шчыра віншую вас з атрыманнем сертыфікатаў на кватэры. Гэта дарагі праект. Але дзяржава не шкадуе грошай на жыллёвае будаўніцтва. Вы атрымліваеце добраўпарадкаванае жыллё ў доме, які рэканструяваны за сродкі, выдаткаваныя з раённага і абласнога бюджэтаў. Раённая ўлада робіць вельмі многае, каб маладыя кадры былі забяспечаны не толькі работай, але і жыллём, мелі магчымасці для адпачынку і заняткамі спортам. Спадзяёмся, створаныя ўмовы паспрыяюць таму, што вы застанецеся жыць і працаваць на Ляхавіччыне, – зазначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, уручаючы сертыфікаты.
Ужо на наступным тыдні будынак, рэканструкцыя якога абышлася бюджэту ў 1800 тысяч рублёў, напоўніцца шматгалоссем. Сустракай гаспадароў, новы дом!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.