Па гісторыі мінулага з вучнямі Крывошынскай СШ.
Выраз «не старэюць душой ветэраны», безумоўна, чула, але не задумвалася, што ён азначае. А ў мінулую сераду, калі папрысутнічала на чарговым пленуме раённага савета ветэранаў, пераканалася, што яны маладыя не толькі душой. Адно паспявай фіксаваць іх шматлікія ідэі і прапановы, акунацца ў безліч тэм, што накапіліся з апошняй сустрэчы. Дзівішся іх апантанасці, бадзёрасці, неабыякавасці, мэтанакіраванасці. Яны даўно не згадваюць лічбу, што ўказвае на ўзрост, – у іх другія клопаты, якіх з выхадам на пенсію стала яшчэ больш. Ветэраны ладзяць сустрэчы, чаяпіцці, удзельнічаюць у канцэртах, падарожнічаюць – падтрымаюць любую цікавую ідэю. Сядзець на месцы – гэта не пра іх. Гатовы разам з пакаленнем next абмеркаваць тое, што хвалюе, даць слушныя парады, правераныя жыццёвым вопытам.
На парадку дня тэма важная, вечная – героіка-патрыятычнае выхаванне моладзі. Ветэраны ўпэўнены: сённяшняй моладзі, на якую пастаянна ўздзейнічаюць шматлікія інфармацыйныя патокі, важна дапамагчы вызначыцца з пазіцыяй, вучыць шанаваць, нагадваць пра тое, дзякуючы каму і чаму мы маем шчасце жыць пад мірным небам.
Разам з вучнямі і настаўнікамі Крывошынскай сярэдняй школы старшыні ветэранскіх пярвічак актывісты арганізацыі адправіліся ў экскурс па гераічным мінулым гэтых мясцін. Пазнаёміліся з гісторыяй школы і яе выпускнікамі, сярод якіх шмат заслужаных, паважаных людзей. Старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Юруць калісьці пачынаў працоўную біяграфію ў гэтай установе адукацыі настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Яшчэ адзін выпускнік школы Мікалай Вайцешык, які доўгі час узначальваў райкам прафсаюза работнікаў АПК, падзяліўся школьнымі ўспамінамі пра сваю вучобу, свой клас, былых настаўнікаў, прыгадаў, як ствараўся гісторыка-краязнаўчы музей. З зацікаўленасцю і гонарам слухалі пра героя вайны Гаўрыіла Здановіча, пра землякоў, якія і ў мірны час праяўляюць мужнасць. Назаўсёды ў памяці землякоў імя Сяргея Свянтэцкага, які 20 гадоў назад загінуў пры затрыманні злачынцаў. Пасмяротна ён быў узнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць».
Сёння мы не можам змяніць тое, што ўжо здарылася, вярнуць тых, хто ахвяраваў жыццём дзеля наступных пакаленняў. Але мы можам і павінны заўсёды памятаць пра подзвіг народа, імёны нашых слаўных землякоў. Памяць – тое, што нас аб’ядноўвае.
Ветэраны ўсклалі кветкі да брацкай магілы воінаў, загінуўшых у часы Вялікай Айчыннай вайны, і месца, дзе пахаваны радавы Сяргей Свянтэцкі.
Хвіліна маўчання стала данінай памяці загінуўшым героям.
Ветэраны пазнаёміліся і з багатай творчай спадчынай Ляхавіччыны ў літаратурна-этнаграфічным музеі школы. Зачаравала гасцей вершаваная экскурсія па старонках беларускай літаратуры, распрацаваная педагогам дадатковай адукацыі Крывошынскай СШ Галінай Зыранавай: узгадалі Коласа і Купалу, першадрукара Скарыну, вянок творчасці Багдановіча.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.