Буракі з грэчкай
У сельгасвытворцаў у разгары восеньскія клопаты. Гектар за гектарам убіраюцца бураковыя палеткі ў ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы», «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Усяго ў раёне пад салодкі корань адведзена 1700 гектараў, па стане на 28 верасня выкапана трэцяя частка. Самая вялікая плошча – 900 гектараў – у «Жарабковічах». Ураджайнасць тут пакуль 506 цэнтнераў на круг, у «Шляху новым» – 567, райаграсэрвісе – 300.
З Жарабковічаў буракі адвозяць на Баранавіцкі буракапрыёмны пункт Жабінкаўскага цукровага завода, а з дзвюх іншых сельгасарганізацый – на ляхавіцкую пагрузачную пляцоўку гэтага перапрацоўчага прадпрыемства. Па словах агранома-інспектара пляцоўкі Віталія Траццяка, штодзённа загружаецца да 6 вагонаў сыравіны, якая адпраўляецца ў Жабінку. Усяго за сезон тут плануецца пагрузіць, як і летась. не менш за 20 000 тон караняплодаў.
Гаспадаркі раёна амаль завяршылі ўборку проса і грэчкі. Ураджайнасць першай культуры асабліва не радуе. А вось ляхавіцкая грэчка пакуль дае лепшы вынік на Брэстчыне – 15,8 цэнтнера з гектара (сярэднеабласны паказчык – 14).
Паралельна з уборкай ідзе сяўба. З 6992 гектараў, адведзеных пад азімыя збожжавыя, у нашым раёне засеяна 64 працэнты.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.