Двое на жыццёвай дарозе

Мабыць, і павінна так называцца – жалезнае вяселле – калі 65 гадоў разам, душа ў душу, рука ў руцэ ідуць двое па жыцці. А яно было нялёгкае, з выпрабаваннямі на сталасць, адданасць, чалавечую годнасць, мудрасць. Але Фёдар Мацвеевіч і Ніна Іосіфаўна Шарапавы прайшлі праз ўсё цярпліва, годна, прыгожа. Можа, каму здасца, што гэта дзеля эфектнага слоўца, бо юбіляры ўжо даволі паважанага ўзросту, але іх, сапраўды, заўсёды і ўсюды ратавала каханне. Высокія маральныя прынцыпы ўкладвалі людзі іх пакалення ў гэтае слова, ці, дакладней, у гэтыя пачуцці. Яны і сёння, маючы за плячамі больш як па восем дзясяткаў гадоў, глядзяцца адзін у аднаго, як у люстэрка, шануюць, берагуць.

—    Наш дзядуля, напэўна, не пражыў і дня, каб не сказаць бабулі ласкавае слова, не пацешыць яе кампліментам, не падбадзёрыць. Гэтыя людзі – прыклад для нас,  дзяцей і унукаў, усіх сваякоў, – расказвае дваюрадны ўнук Аляксей Белаконь. Аказваецца, святкавалі жалезнае вяселле Шарапавых не толькі родныя і блізкія, але і ўся вёска Востраў. Многія прыехалі здалёку, бо глыбока паважаюць гэтых гасцінных, ветлівых людзей, сапраўдных жыццялюбаў.

А пачыналася гісторыя кахання ў далёкім пасляваенным 1946 годзе. Гэта быў вельмі цяжкі час, калі ўвесь наш народ аднаўляў разбураную вайной народную гаспадарку. Іншы раз не мелі ў што апрануцца, не заўсёды быў абед на стале, але маладосць брала сваё і натхняла на добрыя справы. Фёдар Мацвеевіч закончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут і паступіў у педагагічны ўніверсітэт у  Мінску. У Востраўскай школе выкладаў  беларускую мову і літаратуру, гісторыю, нямецкую мову. Ніна  Іосіфаўна да вайны закончыла    7 класаў. У час акупацыі была партызанскай сувязной. Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў Баранавіцкі абкам камсамола накіраваў яе вучыцца на курсы піянерважатых, а пасля на работу ў Востраўскую школу. Вось там яны і сустрэліся, каб больш ніколі не разлучацца.

Іх жыццё заўсёды было багатым на падзеі. Нараджаліся дзеці: спачатку дачка Ангеліна, пасля сыны Уладзімір і Дзмітрый. Ніна Іосіфаўна змяніла сваю прафесію, стала медсястрой і доўга працавала ў Востраўскай участковай бальніцы. За гэты час выраслі дзеці, раз’ехаліся па свеце. Дачка жыве і працуе ў Эстоніі, малодшы сын – у Маскве, сярэдні – у Баранавічах, нарадзіліся 6 унукаў і 5 праўнукаў.

…Мясцовае кафэ “Сустрэча” гасцінна расчыніла дзверы для юбіляраў і гасцей. Музыка, песні, віншаванні, найлепшыя пажаданні  для іх – Фёдара Мацвеевіча і Ніны Іосіфаўны Шарапавых – цудоўных людзей, жыццё якіх для многіх стала прыкладам.

— Нашы юбіляры падзякавалі кожнаму, хто прыйшоў на свята, асабіста, – расказвае  Аляксей. – Фёдар Мацвеевіч спяваў песні, танчыў, разам з Нінай Іосіфаўнай яны ўсіх запрасілі да сябе на святкаванне сямідзясятай гадавіны сумеснага жыцця! Дай Бог, каб гэта спраўдзілася…

Кацярына РАГАЦЭВІЧ,
в. Востраў.

Фота з сямейнага архіва
Шарапавых

One thought on “Двое на жыццёвай дарозе

  • 03/12/2011 в 18:09
    Permalink

    Большое спасибо за Вашу статью. Данная статья — это наша дань людям, которые вырастили нас, помогли нам, молодому поколению, стать достойными людьми общества. Прошу выразить особую благодарность главному редактору газеты “Ляхавiцкi Веснiк” — Ольге Петровне Бородиной, без которой вряд ли бы получилось настолько полно и искренне выразить уважение и благодарность этим молодым старикам. Спасибо вашей редакции за то, что вы пишете, существуете и дай вам бог долгих лет существования, процветания, а каждому сотруднику долгих лет жизни.
    С уважением.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *