“Маіх радкоў няма без Беларусі”

Духоўнае адраджэнне немагчыма без ведання сваёй культуры, мовы і літаратуры – крыніц, якія фарміруюць сучаснасць і будучыню нацыі.  Захаванне і прымнажэнне культурнай спадчыны, удасканаленне, паглыбленне і развіццё традыцый – аснова асноў абласнога бібліятэчнага месячніка папулярызацыі нацыянальнай мастацкай літаратуры, які ў лістападзе прайшоў пад дэвізам “Маіх радкоў няма без Беларусі”. Кніжныя выставы, агляды літаратуры, разнастайныя  прэзентацыі, паэтычныя гадзіны, гульні і чытанні, дні беларускай кнігі, мастацкія канферэнцыі, вечары творчых партрэтаў, вусныя літаратурныя часопісы, замалёўкі і дыялогі – далёка не поўны пералік тэматычных мерапрыемстваў, якія ладзіліся на працягу апошняга месяца  восені ў  бібліятэках раённай сеткі.

27 лістапада ў Вялікалотаўскім сельскім клубе бібліятэкары і клубныя работнікі Ляха-віччыны арганізавалі і правялі сумесную сустрэчу “Зямля, што песні навучыла”, якая стала яркім фіналам абласнога літаратурнага тыдня. Для гасцей, што сабраліся ў вясковым клубе, гучалі вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Кандрата Крапівы, Веры Вярбы і Таісіі Бондар, Вольгі Іпатавай і Леаніда Пранчака, іншых беларускіх аўтараў.  Народная і аўтарская песня, прыпеўкі і прымаўкі, байкі і загадкі, літаратурная гульня па паэме Якуба Коласа “Новая зямля” і сцэнкі з жыцця вёскі – толькі некаторыя эпізоды святочнай праграмы.

Парадавалі прысутных сваім выступленнем удзельніцы вакальнай групы “Латаўчанка” (кіраўнік Аляксандр Барташэвіч). Прыгожыя моцныя галасы, прыродны артыстызм, шчырае захапленне песеннай творчасцю, самабытнасць і добразычлівасць – адметныя рысы  гэтага творчага калектыву.

Прыемным сюрпрызам для латаўчан стала выступленне  народнага ансамбля народнага клуба “Сівізна” раённага метадычнага цэнтра (кіраўнікі Жанна Абрамовіч і Соф’я Марчык). Народныя і аўтарскія песні, прыпеўкі і рамансы, вершы і байкі ў выкананні хору і яго асобных удзельнікаў вяскоўцам прыйшліся даспадобы.

Удала ўпісалася ў свята выстава дэкаратыўна-прыкладной  творчасці вяскоўцаў, на якой экспанаваліся вышыванкі, ручнікі, саматканыя посцілкі, абрусы і сурвэткі, карціны, цацкі. Фантазія і  таленавітасць нашых землякоў, іх творчы падыход   да любой справы не ведае  межаў.  Нельга было раўнадушна прайсці міма выставы “Стравы беларускія”:  якіх толькі       прысмакаў тут не было!

У многім мерапрыемства ўдалося, дзякуючы ініцыятыўнасці і неабыякавасці загадчыцы Вялікалотаўскага СК Люд-мілы Шпак і мясцовага бібліятэкара Тамары Курловіч.

Як расказала бібліятэкар Малагарадзішчанскай СБ Валянціна Карповіч,  самыя розныя мерапрыемствы прайшлі  і ў іх бібліятэцы, асабліва цікавай была  імправізаваная краязнаўчая гадзіна “Шануем народныя традыцыі”. Пачаткоўцаў Малагарадзішчанскага ДС-СШ на ўроку роднай мовы  пазнаёмілі з кнігай Уладзіміра Мацвеенкі “Староначкі з моўнай скарбоначкі”. Значная частка творчасці гэтага беларускага пісьменніка адрасавана дзецям – ён аўтар шматлікіх вершаў, калыханак, казак, загадак, з дапамогай якіх імкнецца зрабіць для дзяцей вывучэнне роднай мовы захапляючым. Валянціна Карповіч пераканана, што такога кшталту мерапрыемствы даюць чытачам яшчэ адну магчымасць далучыцца да скарбаў матчынай мовы.

Бібліятэчны месячнік  завяршыўся, але работа бібліятэкараў раёна па аднаўленні цікавасці да беларускай літаратуры і мастацтва працягваецца. Да таго ж, усе нашы бібліятэкары  працуюць па мэтавай праграме “Далучыць да роднага слова”. А гэта значыць, што наперадзе – шматлікія новыя сустрэчы з беларускай кнігай, пісьменнікамі і паэтамі, з самабытнай культурай  народа.

Іна РУШНІЦКАЯ,
загадчыца аддзела
цэнтральнай  раённай
бібліятэкі імя Янкі Купалы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *