Лепшыя эрудыты – гімназісты
У мінулую суботу ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі было надзвычай мнагалюдна, цікава і весела. 17 каманд з навучальных устаноў Ляхавіччыны прынялі ўдзел у юбілейным, 10-м па ліку, раённым інтэлектуальным піянерскім марафоне. На працягу апошніх гадоў каля тысячы нашых юных землякоў дэманстравалі свае веды, уменні і навыкі, удзельнічаючы ва ўсіх этапах марафону, галоўная мэта якога – выяўленне і далейшае развіццё інтэлектуальна адораных рабят, павышэнне прэстыжу ведаў.
Вось і сёлетні фестываль (адзін з этапаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”) сабраў, каб памерацца ведамі, 90 удзельнікаў з 17 піянерскіх дружын раёна – пераможцаў школьных інтэлектуальных гульняў. Юныя эрудыты адказвалі на разнастайныя пытанні па 6 тэмах: “Ганаруся табою, Беларусь”, “Піянерыя – запаветная краіна”, “Подых сівых стагоддзяў”, “Дзяцінства, апаленае вайной”, “Я здароўе берагу, сам сабе дапамагу”, “Загадкі-жарты”. Акрамя ведаў, неабходна было прадэманстраваць логіку, зладжанасць і нават хуткасць (на абмеркаванне кожнага пытання давалася хвіліна). Удзельнікам было нялёгка, журы – адказна, а балельшчыкам – цікава.
Па выніках марафону перамогу святкавала каманда інтэлектуалаў ў складзе Анастасіі Пляшко, Ільі Гарбачова, Аліны Жданюк, Вікторыі Матрашынай і Юліі Маргаевай з дружыны “Палымяныя сэрцы” (гімназія). Другое месца паміж сабой па-дзялілі каманды “Эрудыты” (СШ №2), “Знатакі” (Навасёлкаўская СШ), “Аптымісты” (Крывошынская СШ). Трэцяе месца ў каманд “Знатакі” (Начаўская СШ), “Вікторыя” (Ліпская СШ), “Альтаір” (Мядзведзіцкая СШ).
Добры настрой для ўдзельнікаў і гасцей свята стваралі выхаванцы цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Наталля КУДРАЎЦАВА,
старшыня раённага савета
ГА “Беларуская рэспубліканская
піянерская арганізацыя”