“Ляхавічок” – сталічная марка

Так на самай справе. Па сведчанні не зацікаўленых “у рэкламе” відавочцаў, на пераднавагоднім кірмашы, які ў апошнія выхадныя лістапада разгортваўся на пляцоўцы ля сталічнага Палаца спорту, за прадукцыяй СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” выстройваліся чэргі. Факт дастаткова паказальны. Асабліва зараз, калі кожны лічыць сваю капейку. І перш, чым абмяняць яе на тавар, мы добра ўзважым усе “за” і “супраць”. Заснаваная на натуральнасці і экалагічнай чысціні, спажывецкая якасць прадукцыі пад гандлёвай маркай “Ляхавічок” знаходзіцца ў гармоніі з цанавым фактарам. Іншых шляхоў да сэрца ці, як у нашым выпадку, да страўніка пакупнікоў не існуе.

Як расказала “Ляхавіцкаму весніку” ўдзельнік і адзін з арганізатараў паездкі галоўны спецыяліст па гандлі малочнага завода Тамара Гірыловіч, у Мінск на кірмаш вазілі два аўтафургоны. Быў прадстаўлены поўны асартыментны рад прадукцыі завода: малако, кефір, смятана, масла, тварожныя вырабы, разнастайныя дэсерты. І ўсё мела попыт, знаходзіла свайго пакупніка. Была арганізавана таксама і дэгустацыя прадукцыі. Людзі падыходзілі, каштавалі адно-другое і накіроўваліся да гандлёвага прылаўка. Хоць, па словах Тамары Гірыловіч, многім мінчанам дадатковая дэгустацыя не патрэбна – яны  даўно і добра рассмакавалі прадукцыю з лагатыпам “Ляхавічок” на ўпакоўцы.

Выязны гандаль, як вядома, суправаджаецца дадатковымі накладнымі расходамі: дарога, камандзіровачныя выплаты і г.д. Таму і не заўсёды з’яўляецца камерцыйна апраўданай справай. Аднак, па-першае, у пэўнай ступені падобныя мерапрыемствы выконваюць сацыяльную ролю, па-другое, служаць рэкламе: расце вядомасць маркі, павялічваецца яе рынкавы патэнцыял і папулярнасць. Усё гэта мае свой кошт.

Для нашага прадпрыемства выязны гандаль з’яўляецца звычайнай практыкай. Як адзначыла Тамара Гірыловіч, у бягучым месяцы павінен адбыцца яшчэ як мінімум адзін гандлёвы рэйд. На гэты раз у Брэст.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *