Базарная субота. Як прайшоў першы восеньскі кірмаш у Ляхавічах.

Першы восеньскі кірмаш у мінулую суботу парадаваў ляхавічан асартыментам. Бясспрэчныя плюсы такога гандлю вывучалі карэспандэнты «ЛВ».

Колькі каштуе? Адкуль прывезлі? Які сорт? Ці будзеце ў наступны раз?  Гэтыя пытанні гучалі на  рыначнай плошчы, мусіць, часцей за ўсе іншыя.
Пачатак кірмашу арганізатары прызначылі на 8 гадзін. Але многія нецярплівыя прыйшлі  значна раней.  Магчыма, і не прагадалі.  У адно імгненне раскупілі прывезеныя з ДП «Нача» ячмень і трыцікале па 27 капеек за кілаграм. Як, дарэчы, і  3 тоны такога ж  збожжа, праўда на 3 капейкі даражэйшае, з ААТ «Шлях новы». Каму не хапіла таннейшага, куплялі крыху пазней па 33 капейкі за кілаграм у ААТ «Жарабковічы».
Не менш папулярным таварам была бульба. «Скарб» з «Ляхавіцкага» – па 25 капеек за кілаграм, побач «уладар» з райаграсэрвіса на 2 капейкі таннейшы. Урадзіў другі хлеб і на палетках некаторых фермерскіх гаспадарак, якія таксама прапанавалі яго на кірмашы.
Хапала морквы, цыбулі, капусты, яблыкаў (хоць і не надта ўраджайны год для нашага раёна на гэту садавіну), мёду, свежай рыбы, саджанцаў. Свае і запрошаныя з іншых раёнаў рамеснікі прадавалі вязаныя  рэчы,  вырабы з дрэва, тканіны і шмат чаго іншага, карыснага і патрэбнага.
Каля дзясятка чалавек сабраліся  вакол машыны колатых дроў з райпалівазбыту. Падлічвалі, колькі будзе каштаваць завезці іх да месца прызначэння. У рэшце рэшт пакупнік знайшоўся на 5 кубаметраў дроў за без малога 250 рублёў.
«Сумнавата», – коратка ахарактарызавала суботні гандаль адна з гандляроў у мясным павільёне.  На 9 гадзін раніцы   прадаўцы з «Жарабковічаў» рэалізавалі… кілаграм  бараніны.  Прывезлі з гаспадаркі і ялавічыну. Праўда, і яна асаблівым попытам не карысталася, чаго не скажаш пра ялавічыну, якую прадавала Ляхавіцкае райпо.
Увогуле, калі гаварыць на мове моладзі, на гэтым кірмашы райпо руліла.  Асартымент, якасць, цана, выкладка тавараў – усё на належным узроўні. У райпоўскай палатцы можна было купіць капусту розных відаў (квяцістую, чырвоную, пекінскую), цыбулю, бульбу, буракі, моркву, перац, памідоры, агуркі, танныя журавіны, яблыкі, а таксама вінаград,  слівы, бананы…  Наогул, усё мінулае лета райпо радавала ляхавічан багатым і якасным асартыментам у гародніннай палатцы на рыначнай плошчы: у продажы былі і садавіна, і агародніна, і ягады, і грыбы.  Хочацца спадзявацца, што такая вітамінная прапанова  ад райспажыўкааперацыі будзе і зімой.
Большасць землякоў вярталася з першага восеньскага кірмашу з пакупкамі і добрым настроем, тым больш, што атмасферу падтрымалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Каму чагосьці не хапіла,  ёсць шанц папоўніць запасы пазней. Сезон кірмашоў прадаўжаецца, наступны ў нашым райцэнтры адбудзецца 28 кастрычніка.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *