Гурток супраць вуліцы
Юны ўзрост – пара станаўлення характару. Менавіта ў гэты час асабліва ўплываюць на маладых бліжэйшае асяроддзе і тыя падзеі, якія адбываюцца побач. Апошнім часам павялічваецца колькасць падлеткаў з адхіленнямі ў паводзінах і, як вынік, – колькасць злачынстваў і правапарушэнняў.
Злачыннасць сярод непаўналетніх – адна з вострых сацыяльных праблем. Падобныя, так бы мовіць, свавольствы ў дарослым узросце праяўляюцца ў больш сур’ёзнай форме. Большасць судзімых дарослых упершыню парушылі закон у падлеткавым узросце.
У сферы падлеткавай злачыннасці па-ранейшаму лідзіруюць крадзяжы і хуліганства. Так, напрыклад, непаўналетні І. сумесна з дарослым М. падчас летніх канікулаў праз адчыненые дзверы пранік у драўляную прыбудову і ўкраў плуг. Абодва знаходзяцца пад следствам.
Асаблівую трывогу выклікае рост наркаманіі і таксіка-маніі сярод падлеткаў. Глебу для гэтага стварае ўжыванне слабаалкагольных напіткаў і піва. Усё часцей самі падлеткі становяцца не толькі ўдзельнікамі, але і ахвярамі злачынстваў, якія ўчыняюць як равеснікі, так і дарослыя. Таму важна трымаць на кантролі душэўнае здароўе маладых, своечасова выяўляць і праводзіць прафілактыку розных адхіленняў.
Сярод асноўных фактараў рызыкі, што «дапамагаюць» трапіць падлетку ў катэгорыю цяжкіх, – неўладкаваная, няпоўная ці дысгарманічная сям’я. Саматычныя захвор-ванні, цяжкія траўмы і захворванні цэнтральнай нер-вовай сістэмы таксама могуць прывесці да праблем у выхаванні і станаўленні асобы. На псіхіцы негатыўна адбіваюцца цяжкасці ў стасунках падлетка з равеснікамі.
Адзін з элементаў прафілактыкі – занятасць непаўналетніх у вольны ад вучобы час. Іх незанятасць часта з’яўляецца прычынай тых ці іншых супрацьпраўных дзеянняў. Таму адна з галоўных задач прафілактыкі – удасканаленне арганізацыі занятасці падлеткаў у гуртках, секцыях, клубах, аб’яднаннях па інтарэсах, арганізацыя фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы, работа ўстаноў пазашкольнага выхавання і навучання, фарміраванне ў моладзі эстэтычнага густу. Сёння 96,5 працэнта школьнікаў наведвае той ці іншы гурток, аб’яднанне па інтарэсах, секцыю, клуб па месцы вучобы ці ўстановы пазашкольнага выхавання, спартыўную школу. Гэта самыя высокія паказчыкі за ўвесь час існавання пазашкольных устаноў. Важна, што такія ўстановы ў нашым раёне фарміруюць на базе сельскіх школ свае філіялы. Вядома, прафілактычная работа дае свой плён. Значная роля тут адводзіцца і сям’і. Не сакрэт, што калі сям’я вядзе асацыяльны лад жыцця, нярэдка лепшым сябрам дзяцей становіцца вуліца, з усімі вынікаючымі выдаткамі.
Аліна МАЦКЕВІЧ,
памочнік пракурора Ляхавіцкага раёна.