Куршынавіцкі рэцыдыў
Разбітае акно, пашкоджаная металічная рашотка – такую карціну раніцай 4 каст-рычніка ўбачыла прадавец магазіна «Родны кут» у вёсцы Куршынавічы. Яна адразу патэлефанавала ў РАУС. На месца здарэння выехала следча-аператыўная група ў складзе супрацоўнікаў раённага аддзела Следчага камітэта, РАУС, дэпартамента аховы са службовай сабакай.
Крадзеж раскрыты па гарачых слядах. Злачынства ўчынілі раней судзімыя таксама за крадзеж мясцовыя жыхары 1965 і 1978 гадоў нараджэння. Ноччу яны залезлі ў не абсталяваны сігналізацыяй магазін, укралі спіртныя напіткі, цыгарэты, прадукты харчавання, адзенне – усяго на суму больш за 300 рублёў. Падазроныя, у якіх знойдзена і канфіскавана частка ўкрадзенага, затрыманы і адпраўлены ў ізалятар часовага ўтрымання.
Ляхавіцкі РАСК па гэтым факце ўзбудзіў крымінальную справу па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса.
Дарэчы, адзін з абвінавачваных толькі сёлета ў жніўні вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі, дзе на працягу 3 гадоў адбываў пакаранне за шэраг злачынстваў, у тым ліку крадзеж таварна-матэрыяльных каштоўнасцей… з гэтага самага магазіна райпо ў Куршынавічах. Цяпер абодвум злодзеям пагражае максімальнае пакаранне, прадугледжанае гэтым артыкулам, – пазбаўленне волі тэрмінам да 4 гадоў.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ,
намеснік начальніка РАСК.