Жаночая справа
За апошнія стагоддзі роля жанчыны ў грамадстве шматразова вырасла. Сёння на яе плячах не толькі клопат пра тое,кабсям’я была смачна накормлена, прыгожа і чыста апранута, а гаспадарка ўтрымлівалася ў поўным парадку. Не сакрэт, што на маці найчасцей кладуцца клопаты па выхаванні дзяцей.
Ды і ў прафесійнай дзейнасці жанчыны даўно перасталі саступаць дарогу прадстаўнікам моцнай паловы чалавецтва: не толькі гатуюць, шыюць, вучаць і лечаць, але і вырошчваюць хлеб, праектуюць і будуюць, водзяць аўтамабілі… І, што сёння стала зусім звыклай з’явай,– паспяхова і прафесійна кіруюць. Узяць да прыкладу хаця б наш раён. Жанчыны ўзначальваюць суд і натарыяльную кантору, абедзве банкаўскія ўстановы, пошту і аддзяленне Брэстаблсаюздруку, прадстаўніцтва Белдзяржстраху і аддзел статыстыкі, кааппрам і аптэчную сетку, сацыяльна-педагагічны цэнтр і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насель-ніцтва, КУПП “Ляхавіцкая архітэктура” і, дарэчы, рэдакцыю.
Яшчэ – школы, дзіцячыя садкі, дамы культуры, клубы і бібліятэкі. Многія нашы зямлячкі знайшлі прызванне, арганізаваўшы ўласную справу. Жаночыя кампетэнтнасць, адказнасць, ініцыятыўнасць запатрабаваны і ва ўладных структурах: шматлікія аддзелы райвыканкама (фінансавы, адукацыі, культуры, эканомікі, зямельны, арганізацыйна-кадравай работы, будаўніцтва і архітэктуры, загса, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне), а таксама адзін з сельвыканкамаў узначальваюць жанчыны, у дэпутацкім корпусе прадстаўніцы прыгожай паловы маюць 9 мандатаў. І гэты пералік, хутчэй за ўсё, не зусім поўны.
Між іншым, і кіраўніцтва раённымі арганізацыямі шэрагу грамадскіх аб’яднанняў – на трывалых жаночых плячах. У гэтым спісе – “Белая Русь”, БРСМ, таварыствы Чырвонага Крыжа, інвалідаў і інвалідаў па зроку, нават Асвод і, безумоўна, “Беларускі саюз жанчын”.
Менавіта на апошнім варта спыніцца падрабязней. Тым больш, што сёння БСЖ, у тым ліку Ляхавіцкая раённая арганізацыя, адзначае 20-годдзе з дня ўтварэння. І многія, пра каго ішла размова вышэй, маюць да гэтага юбілею непасрэднае дачыненне.
Сёння на Ляхавіччыне дзейнічае 13 пярвічак “Беларускага саюза жанчын”, якія аб’ядноўваюць 992 прадстаўніцы рознага ўзросту і прафесій. Што датычыць лідараў, раённы жансавет адрозніваецца зайздросным пастаянствам. На працягу 17 гадоў яго ўзначальвала Ірына Маляр, якая ў 2008 годзе перадала эстафету Наталлі Мацкевіч. Наталля Францаўна – галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, амаль 2 дзесяцігоддзі адпрацавала ў школе, добра знаёма з праблемамі неўладкаваных сем’яў і “цяжкіх” падлеткаў. А яшчэ яна – мнагадзетная мама, якая не па чутках ведае, што такое вялікая сям’я…
Сярод галоўных мэт грамадскага аб’яднання – павышэнне статусу жанчыны ў грамадстве, садзейнічанне ахове і паляпшэнню яе здароўя, абарона правоў і супрацьдзеянне насіллю ва ўсіх яго праяўленнях, умацаванне сем’яў. На рахунку БСЖ накапілася нямала добрых спраў. Саюз актыўна займаецца дабрачыннасцю і асветніцкай дзейнасцю, метадамі жаночай дыпламатыі імкнецца ўносіць сваю лепту ў будаўніцтва квітнеючай краіны.
“Усё можна змяніць да лепшага, калі паслядоўна мяняць сябе і грамадства, у якім жывем” – такім дэвізам кіруецца ў сваёй дзейнасці раённая арганізацыя. І даказвае слушнасць гэтай высновы справамі: дапамагае, падтрымлівае, арганізоўвае сустрэчы з жанчынамі-маці і будучымі мамамі, шматлікія дабрачынныя акцыі для дзяцей, інвалідаў, людзей шаноўнага ўзросту, не пакідае без увагі жанчын-ветэранаў.
Жансавет арганізаваў збор адзення, якое перадаецца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага аб-слугоўвання насельніцтва – для малазабяспечаных грамадзян і сем’яў. Наогул, работа з апошнімі – сярод важнейшых. У практыку трывала ўвайшлі рэйды ў неўладкаваныя сем’і, прафілактычныя гутаркі з гора-бацькамі, кансультацыі, сумесныя пася-джэнні камісіі па справах непаўналетніх і праўлення раённай арганізацыі БСЖ і г.д. “Жанчыны супраць п’янства” – адна з пастаянных акцый.
“Саюзніцы” актыўна ўдзельнічаюць у палітычных кампаніях, у тым ліку – перадвыбарных: уваходзяць у выбарчыя камісіі, працуюць у якасці назіральнікаў.
Сёлета раённы жансавет падрыхтаваў матэрыялы для ўдзелу нашай зямлячкі Галіны Зыранавай у рэспубліканскім конкурсе “Жанчына года”.
БСЖ актыўна супрацоўнічае з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі – БРСМ, таварыствам Чырвонага Крыжа, “Белай Руссю”. Сярод арганізацый галоўныя памочнікі – ТЦСАН, установы адукацыі, культуры, аховы здароўя. З гатоўнасцю ідзе насустрач просьбам жансавета камбінат кааператыўнай прамысловасці. “Генеральны” ж спонсар большасці мерапрыемстваў – ТАА “Трансэлектракамплект”.
– У бліжэйшай перспектыве – арганізацыя сваёй грамадскай прыёмнай. І гэта вельмі цікавая ідэя, якая ўжо апрабавана ў некаторых рэгіёнах. У складзе праўлення раённай арганізацыі ёсць і загадчык паліклінікі, і псіхолаг, і кіраўнікі падраздзяленняў райвыканкама… А жанчыне заўсёды прасцей расказаць пра свае праблемы, калі насупраць – таксама жанчына, – дзеліцца планамі Наталля Мацкевіч.
Планаў, дарэчы, мноства. Шмат цікавых ідэй лідар раённага жансавета прывезла з нядаўняга жаночага форуму (на мінулым тыдні БСЖ сабраў у Мінску на справаздачна-выбарную канферэнцыю дэлегатак з усіх куткоў краіны), дзе ішла размова пра многія рэчы, якія хвалююць беларусак.
Наталля Мацкевіч пераканана ў тым, што арганізацыя запатрабавана і ў яе ёсць яшчэ шмат рэзерваў для развіцця:
– Мы ведаем, што ёсць яшчэ шмат жанчын – неабыякавых, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія маглі б і хацелі б дапамагаць іншым – не за грошы (у БСЖ нават узносаў няма), а па закліку душы. Разам гэта ра-біць прасцей. Наш саюз – адкрытая арганізацыя, дзе заўсёды рады новым членам. Паверце, жанчыны – гэта вялікая сіла. Прыгожая і вельмі душэўная.
Святлана БЕЛЬМАЧ