Убачыць тых, хто не бачыць
Невідушчага чалавека на вуліцах горада ці вёскі, як правіла, лёгка пазнаць па сонцаахоўных акулярах, якія ён носіць незалежна ад пары года, і белым кіі ў руках. З 1969 года 15 кастрычніка аб’яўлена Міжнародным днём белага кія. Кій для невідушчага – гэта не проста інструмент і апазнавальны знак, але яшчэ і яго «вочы».
Сёлета традыцыйны месячнік «Чалавек з белым кіем» праходзіць на Брэстчыне з 15 кастрычніка па 15 лістапада. Ініцыяваны ён абласной арганізацыяй грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» для прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем інвалідаў па зроку, дзейнасці арганізацыі, каб дапамагчы відушчым убачыць тых, хто не бачыць.
Важна, каб людзі, якія маюць дрэнны зрок, не заставаліся пакінутымі сам-насам са сваёй праблемай, а былі паўнапраўнымі членамі грамадства – працавалі, адпачывалі, падарожнічалі, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах. Без дапамогі іншых людзей ім справіцца цяжка. Павага і добразычлівасць – асноўныя прынцыпы зносін паміж відушчымі людзьмі і тымі, хто мае абмежаванні зроку.