Агонь збірае ахвяры

Гарачымі для супрацоўнікаў РАНС выдаліся мінулыя выхадныя. На жаль, размова зусім не пра надвор’е…

У ноч з суботы на нядзелю ў 0.20 на тэлефон 101 паступіла паведамленне пра пажар у жылым доме па вуліцы Міру ў вёсцы Рамашкі. Да прыезду пажарных дом быў поўнасцю ахоплены агнём. Пры разборы канструкцый выратавальнікі знайшлі труп гаспадыні — пенсіянеркі 1927 года нараджэння. Прычыны пажару ўстанаўліваюцца, але папярэдне зроблены высновы, што агонь «пайшоў гуляць» ад печы.

Літаральна праз 20 мінут у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіў  трывожны сігнал з Вострава. Пры тушэнні палаючага дома быў знойдзены гаспадар. На жаль, ужо нежывы. Для 60-гадовага мужчыны ракавой стала чарговая цыгарэта, выкураная, хутчэй за ўсё, не на цвярозую галаву. Пацярпелы злоўжываў спіртным, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне правілаў пажарнай бяспекі. Толькі за апошнія паўгода супрацоўнікі РАНС тройчы наведвалі яго з прафілактычнымі мэтамі. Не дапамагло…

Гэтыя два выпадкі аб’ядноўваюць некаторыя агульныя абставіны: загінуўшыя — адзінока пражываючыя грамадзяне, і ў іх дамах не былі ўстаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

У нядзелю амаль апоўдні падраздзяленні РАНС (ім, як і ў выпадку з вёскай Рамашкі, дапамагалі барана-віцкія выратавальнікі) вы-ехалі ў вёску Рагачы на ліквідацыю ўзгарання драўлянай прыбудовы пад кормазапарнік. Прычынай знішчэння збудавання і нагодай для прыцягнення гаспадароў да адміністрацыйнай адказнасці (а згодна артыкула 23.56 КоАП штраф можа скласці да 30 базавых велічынь) стала парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі кормазапарніка: прыстасаванне пакінулі без нагляду.

Наогул, пакінутыя без нагляду кормазапарнікі і печы даволі часта фігурыруюць у статыстыцы сярод прычын пажараў. Як, дарэчы, і гульні з агнём дзяцей, на якіх у дарослых не хапіла часу і ўвагі.

Райаддзел па надзвычайных сітуацыях праводзіць   сур’ёзную прафілактычную работу з насельніцтвам, пад асаблівую ўвагу трапляюць шматдзетныя і неўладкаваныя сем’і, асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Тым не менш, папярэдзіць усе няшчасныя здарэнні сіламі пажарных-выратавальнікаў немагчыма. Задумайцеся: наколькі для вас каштоўнае жыццё вашых родных і ваша ўласнае. А што вы зрабілі для іх і сваёй бяспекі?

Валерый РАВІНСКІ,
начальнік РАНС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *