У стылі агра

Багатая гістарычная і культурная спадчына, зручнае геаграфічнае месцазнаходжанне – здавалася б, што яшчэ трэба для развіцця  ў нас аграэкатурызму. На справе ж вырашальную ролю  маюць адпаведная інфраструктура і  сучаснае інфармацыйнае суправаджэнне. А з апошнімі ў раёне не надта прывабная сітуацыя. Пра гэта і многае іншае ішла размова на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама ў  мінулы панядзелак.
На тэрыторыі раёна на пачатак года было зарэгістравана     8 аграсядзіб. Летась тут адпачылі  1055 чалавек (у 2015 – 809 ). Па даных падатковай службы, за мінулы год суб’екты аграэкатурызму зарабілі 30320 рублёў.
На жаль, спектр паслуг не ўражвае разнастайнасцю  і ў большасці абмяжоўваецца арэндай памяшканняў для правядзення ўрачыстасцей, арганізацыяй рыбнай лоўлі, збору грыбоў і ягад, гульнёвымі відамі спорту, пешымі, воднымі і аўтамабільнымі прагулкамі па наваколлі, катаннем на квадрацыклах, лодках, веласіпедах, лазневымі паслугамі. Хаця ёсць і прыемнае выключэнне. Так, у «Медуніцы», акрамя іншага, зроблены ўхіл на гістарычны складнік. Гаспадар сядзібы Аляксандр Панфіла  захапляецца гісторыяй. Па жаданні адпачываючых ён праводзіць экскурсіі па месцах, дзе праходзілі баі Першай сусветнай вайны.  Генрых Траццяк  у былым маёнтку Бохвіцаў правёў  не адзін дзясятак гістарычных  экскурсій для ляхавічан і гасцей раёна. Дарэчы,   Аляксандр Панфіла і Генрых Траццяк – адзіныя прадстаўнікі агратурыстычнага бізнесу, хто знайшоў магчымасць паўдзельнічаць у абмеркаванні.
Па-ранейшаму ў  раёне няма ніводнай сядзібы з аказаннем поўнага комплексу паслуг: пражыванне, харчаванне, актыўны адпачынак, рамесніцтва і г.д.
Агульнавядомае:  рэклама – рухавік прагрэсу. Па меркаванні старшыні райвыканкама  Вяча-слава Сельмановіча, істотных зрухаў у інфармацыйным суправаджэнні аграэкатурызму не назіраецца. Пра нашы сядзібы  мала хто з гасцей ведае. І справа не толькі ў адсутнасці адзінага сайта (уласныя інтэрнэт-рэсурсы  маюць «Медуніца», «Андрэеўка» і ІП Ясевіч).  Няма  відэаролікаў пра такія паслугі, ды і папяровых рэкламных праспектаў не шмат. Практычна адсутнічае сістэма распаўсюджвання інфармацыі на іншыя інтэрнэт-рэсурсы, а тая, якая ёсць, носіць пасіўны характар.

Зусім нялішнім было б уключыць у распрацаваныя турыстычныя маршруты ўстановы культуры, якія могуць прапанаваць знаёмства з традыцыйнымі  беларускімі абрадамі.  А, напрыклад, фальклорны фестываль «З крыніц спрадвечных», па меркаванні кіраўніка раёна, даўно неабходна выводзіць на міжнародны ўзровень.

Даволі важнае значэнне мае і транспартнае суправаджэнне турыстычных паслуг.  Не кожная аграсядзіба можа пахваліцца  хлебасольнасцю (у прамым сэнсе) – у большасць адпачываючыя прыязджаюць са сваім правіянтам. А была б наладжана сувязь з прадпрыемствамі грамадскага харчавання раёна – глядзіш, і турыстаў стала б больш.

Бясспрэчнай падтрымкай у развіцці аграэкатурызму ў раёне будзе добраўпарадкаванне дарожнай інфраструктуры і прылягаючых тэрыторый на шляху да аграсядзіб.

Сярод прапаноў аддзела адукацыі, спорту і турызму па ўдасканаленні турыстычнай дзейнасці – стварэнне грамадскага аб’яднання.  Аднак, як адзначыў Вячаслаў Сельмановіч, ці не будзе такое аб’яднанне яшчэ адным, існуючым толькі на паперы?

А вось інфармацыйнае суправаджэнне агратурызму  яўна патрабуе ўдасканалення і пашырэння.  «Ляхавіччына турыстычная» і «Брэстчына турыстычная» – канешне, патрэбныя і цікавыя інтэрнэт-рэсурсы.  Аднак, прапанаваў кіраўнік раёна, нялішнім будзе ўключыць турыстычныя паслугі  і ў сайты аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, гасцініцы «Эдэльвейс».

Наогул, на нарадзе прагучала нямала арыгінальных і цікавых прапаноў. А «ЛВ» не губляе надзеі на стварэнне «Залатога кальца» Ляхавіччыны, пра якое раёнка пісала ўжо неаднойчы.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *