У пошуках прымальнага варыянта
Неаднойчы ў рэдакцыю «ЛВ» з пытаннем, дзе адрамантаваць халадзільнік, пральную машыну, газонакасілку, звярталіся жыхары нашага раёна. Сапраўды, такія запатрабаваныя паслугі не аказваюць ні ў камунгасе (у складзе якога знаходзіцца бытоўка), ні прадпрымальнікі. Якое выйсце? Везці ў іншы горад (але не ў кожнага для гэтага ёсць магчымасці) ці выкінуць тое, што яшчэ нядаўна служыла верай і праўдай?
І вось прыемная навіна. У хуткім часе можна будзе здаць у рамонт бытавую і садовую электратэхніку ў Ляхавічах. Адкрыць сваю справу цяпер ужо індывідуальнаму прадпрымальніку дапамагла субсідыя ў памеры 2173 рублі, выдаткаваная са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла, такія субсідыі атрымліваюць беспрацоўныя, якія жадаюць заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю ці рамесніцтвам, аказваць паслугі ў сферы аграэкатурызму. Дарэчы, падобнай магчымасцю сёлета ў нашым раёне могуць скарыстацца яшчэ двое жадаючых заняцца прыватнай справай. Служба занятасці таксама накіроўвае будучых бізнесменаў на курсы па асновах прадпрымальніцтва, прычым, веды яны атрымліваюць за кошт бюджэту.
– Занятасць насельніцтва – важнае пытанне, якое пастаянна стаіць на кантролі ўлады. А стварэнне новых працоўных месцаў – адна з прыярытэтных задач, – зазначае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса.
За 9 месяцаў года на Ляхавіччыне створана 206 новых працоўных месцаў, 50 з іх – у арганізацыях і на прадпрыемствах раёна. Асабліва вызначыліся аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ААТ «Шлях новы» і «Жарабковічы», ТАА «Трансэлектракамплект», СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». На 110 новых працоўных месцаў прыраслі малыя прадпрыемствы (39 – бытавое абслугоўванне, 7 – гандаль, 6 – будаўніцтва), зарэгістраваныя ў Ляхавіцкім раёне. З пачатку года адкрылі сваю справу 46 індывідуальных прадпрымальнікаў. Яшчэ 12 вакансій з’явілася на прыватных прадпрыемствах, створаных летась і сёлета: 8 чалавек працаўладкаваны ў ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы», 2 – ТАА «Ляхавіцкая вербачка», па адным – «Белбіязім» і «МедЛітЭкспарт».
Цікавы факт, пра які паведамілі ў службе занятасці. Павялічваецца колькасць вакансій у параўнанні з колькасцю афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных: 107 прапаноў працоўнага месца (77 – у горадзе, 31 – па раёне, 58 з іх – па рабочых спецыяльнасцях) супраць 57 жадаючых працаўладкавацца.
Што прапаноўваецца саіскальнікам? Хоць сёння гатовы прыняць на работу вадзіцеляў у райпо, ДП «Нача», ААТ «Жарабковічы», райпалівазбыт; урачоў, медыцынскіх сясцёр, псіхолага, эканаміста, прыбіральшчыка тэрыторыі – у аблпсіхбальніцу «Крывошын»; майстроў на розныя ўчасткі, станочніка, вальшчыка лесу – у ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас»; урача, памочніка ўрача, фельчара-валеолага, фельчара-лабаранта – у раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі; электрагазазваршчыка і электраманцёра – на рэйтанаўскі ўчастак ААТ «Баранавічхлебапрадукт»; галоўных бухгалтараў – у «Шлях новы» і райаграсэрвіс; прадаўцоў – у райпо; кіраўнікоў гуртка ці студыі – у клубныя ўстановы і інш.
Па стане на 1 кастрычніка ўзровень беспрацоўя ў нашым раёне склаў 0,6 працэнта (сярэднеабласны паказчык – 0,8 працэнта) да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Пры садзейнічанні службы занятасці працаўладкаваны 240 чалавек, 159 з якіх мелі афіцыйны статус беспрацоўнага. Таксама жыхарам раёна прапаноўваецца паўдзельнічаць у аплачваемых грамадскіх работах. Зараз накіраванні можна атрымаць на ўдзел у добраўпарадкаванні населеных пунктаў.
Пачынаючы з красавіка 2017 года, у райвыканкаме (па вызначаных днях – у сельвыканкамах) праходзяць пасяджэнні камісіі па працаўладкаванні. З кожным, хто звяртаецца сюды, праводзіцца індывідуальная работа па пошуку вакансій. Як адзначае Леанід Калбаса, даволі частая сітуацыя, калі беспрацоўнаму прапаноўваецца адна работа, другая, трэцяя, а чалавек адмаўляецца, спасылаючыся то на нязручную «геаграфію» вакансіі, то на невысокую зарплату і г. д. Ці, напрыклад, жыве беспрацоўны ў вёсцы і чакае работу толькі па спецыяльнасці – архітэктарам – і толькі па месцы жыхарства. Такое рэалізаваць практычна немагчыма. Сустракаюцца і тыя, хто прыходзіць, вывучае прапановы, а працаваць не збіраецца.
Відавочна, хто сапраўды хоча працаваць, у рэшце рэшт абавязкова знойдзе прымальны варыянт. А служба занятасці гэтаму ў дапамогу.
Галіна КАНЬКО.
Совсем неизвестные названия предприятий: ТАА «Ляхавіцкая вербачка», па адным – «Белбіязім» і «МедЛітЭкспарт». Интересно, чем они занимаются, што производят. Пускай бы прорекломировали себя, чтобы земляки знали.