Пратэсціравана залатым узростам. У Ляхавічах у аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту цёпла і ўтульна

Пра статус пенсіянера можна гаварыць шмат. А давайце разгледзім яго  неабмежаваныя магчымасці, не выкарыстаныя ў маладосці. Такое меркаванне давялося пачуць ад наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Ляхавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ім, няўрымслівым, нераўнадушным  і завадным, гады  ў радасць. І ніколі не скажаш, што гэтым людзям  за 60-70 ці нават за 80-90.

Аддзяленне дзённага знаходжання ў Ляхавічах па вуліцы Леніна, 54 адкрылася зусім нядаўна, але ўжо сёння бачна, што будзе вельмі запатрабаваным. Адчыняеш дзверы і не сумняваешся: тут рады кожнаму. У актавай зале музычна і весела – рэпеціруюць выступленне. Баяніст Аляксандр Барташэвіч  (ён забяспечвае музычнае суправаджэнне на добраахвотных пачатках) з Віктарам Алейнікам развучваюць песню. Да іх паступова далучаюцца іншыя наведвальнікі аддзялення. І вось ужо спявае цэлы хор – стройна, шчыра і душэўна.
– Пакуль у нашай  «сям’і» тры дзясяткі чалавек. Спадзяёмся, яна будзе павялічвацца.   Усе ведаюць адзін аднаго: раней наведвалі гурткі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – там і здружыліся. Абмяркоўваем  мерапрыемствы, арганізоўваем. Думаем, куды паехаць на экскурсію, пайсці ў паход ці проста на прагулку, – расказвае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання Святлана Яраш.
Кансультацыйна-інфармацыйныя, сацыяльна-бытавыя, педагагічныя, псіхалагічныя паслугі, арганізацыя вольнага часу і іншае – гэта ўсё напрамкі дзейнасці аддзялення. Але асноўная мэта ўстановы – «лячэнне» ад адзіноцтва, стварэнне ўмоў для раскрыцця здольнасцей.
Сёння тут  працуюць клубы на розны густ і інтарэс: «Залаты ўзрост», «Праяві сябе», «Спадчына», «Гаспадынька», «Аптыміст», «Прыгажосць. Здароўе. Даўгалецце», «Павер у сябе». Па аўторках наведвальнікі аддзялення займаюцца фізкультурай  у ДЮСШ, у кожны трэці чацвер – танчаць. У рэпертуары – вальс, танга, кадрыль і інш. На танцавальныя вечары  шчыра запрашаюць усіх землякоў сталага ўзросту.
У ролі кіраўнікоў гурткоў часта выступаюць самі наведвальнікі. Так, Віктар Алейнік адказвае за фізкультурна-аздараўленчую  праграму клуба «Аптыміст», Алена Камінская, Галіна Горда вучаць танцам. Гэта па пятніцах.
З лістапада дабавіцца ўніверсітэт трэцяга ўзросту. За гучнай назвай хаваецца шчыры клопат пра землякоў. Ва ўніверсітэце ТЦСАН плануе сумяшчаць адукацыйны накірунак з  дадатковым. Кожны жадаючы, калі ён дасягнуў паважанага ўзросту,  можа сюды паступіць для вывучэння англійскай, польскай моў, асваення  камп’ютарнай і тэлефоннай граматы.  Акрамя гэтага будзе ўключана краязнаўства (гістарычны бок навучання за  Галінай Багушэвіч і Людмілай Мікешка – у мінулым настаўнікаў  гісторыі) з абавязковымі рэальнымі і завочнымі падарожжамі.
У аддзяленне плануюць запрашаць на сустрэчы да сваіх падапечных супрацоўнікаў розных ведамстваў: прадстаўнікоў  РАНС, РАУС, медыкаў, псіхолагаў, юрыстаў, спецыялістаў сацыяльнай службы і іншых.
Ёсць тут пакой для гурткоў, пакоі міласэрнасці (тут размешчаны сродкі рэабілітацыі), прыёму ежы, актавая зала, сацыяльная цырульня (яна запрацуе з лістапада для пенсіянераў, інвалідаў, мнагадзетных сем’яў).  На рэканструкцыю памяшканняў  сацыяльнага  аб’екта з раённага бюджэту пайшло каля 280 тысяч  рублёў.   Усё тут прадумана і зроб-лена з густам. Прадугле-джаны і зручнасці для інвалідаў. Навокал кветкі і прыемныя дробязі.
Мэбля, як і многія іншыя неабходнасці, набылі за сродкі спонсараў – гандлёвых дамоў  «Фермент» і  «Уладзімір», ПУП «Аўтацэнтр «Вікторыя». Цяпер тут мараць пра стэлажы для выстаўкі шматлікіх вырабаў умельцаў аддзялення, кухонны гарнітур з мікрахвалёўкай…  Кнігі аддзяленню  прынеслі рабяты з  СШ №2 – правялі  акцыю «Падары кнігу пажылому чалавеку».
Наведвальнікаў аддзялення не трэба раскатурхваць, прасіць паўдзельнічаць у спаборніцтве ці ў конкурсе. Іх перапаўняюць ідэі, прапановы, натхненне, яны зараджаюць энергіяй іншых, з радасцю прэзентуюць сваю творчасць. Цікава і плённа  ставіцца да сваіх пажылых сяброў кіраўнік гуртковай работы Вольга  Давідоўская. Так, нядаўна ў Баранавіцкім раёне заслужылі дыплом у спартыўна-масавым мерапрыемстве «Крок да даўгалецця» і шчырыя апладысменты на  фестывалі «Сустрэча сяброў».
У  мінулым настаўнікі і будаўнікі, фармацэўт і тэхнік, бухгалтар і эканаміст менавіта на пенсіі адкрылі ў сабе творчыя здольнасці. Ніна Палівода, Раіса Салаўёва, Валянціна Паўлоўская,  Ніна Гучкова, Марыя Біза пранікнёна дэкламуюць. Таццяна Хвайніцкая сачыняе вершы, прыдумвае гумарэскі. Людміла Фаміна, Раіса Кражава, Ірына Гардзейчык, Стэфаніда Званко – салісткі-пявунні. Ні адна сцэнка не абыходзіцца без Святланы Куркач, Валянціны Сакалоўскай, Сафіі Журык. Цікавыя субяседнікі, выдатныя самадзейныя артысты Аляксей Вішнеўскі, Мікалай Міхаленя, Міхаіл Калыбін, Георгій Шабан. Яны ў страі, іх паважаюць і лічацца з меркаваннем. Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Фёдару Лойку 92 гады, але ён актыўны ўдзельнік усіх падзей аддзялення. Чужых людзей з’ядналі, зрабілі ледзьве не роднымі агульныя інтарэсы і вольны час.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Разам – не сумна!

Занятак па душы. За шашачнай дошкай Людміла Фаміна і Раіса Салаўёва.

Загадчыца дзённага аддзялення Святлана Яраш.

Кіраўнік гуртковай работы Вольга Давідоўская і наведвальніца аддзялення Алена Камінская.


3 thoughts on “Пратэсціравана залатым узростам. У Ляхавічах у аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту цёпла і ўтульна

  • 25/10/2017 в 15:03
    Permalink

    Такое отделение в центре города — то что надо пожилым людям.А ещё искреннее внимание и забота, неравнодушие к их проблемам.

  • 26/10/2017 в 21:27
    Permalink

    а для молодых — где? Алеся по ночам?

  • 09/11/2017 в 12:36
    Permalink

    Старасць, пакінутасць дзецьміі ўнукамі, адзінота зраўняла ўсіх і заможных і санавітых і ўплывывых і гаротнікаў па жыцці!
    Сан Саныч малайчына! Чалавек- песня, чалавек-настрой з вялікай літары!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *