Сагрэцца і не атруціцца

Ноччу 25 кастрычніка ў  райбальніцу са Счаснавіч з дыягназам «атручэнне чадным газам» была дастаўлена 80-гадовая вяскоўка. Папярэдняя версія здарэння дачасна закрытая пячная засаўка.
Чаму печка становіцца крыніцай небяспекі? Здаецца, утульна-цёплы сюжэт: прагарэлі дровы ў печы, засаўка дымавой трубы зачынена, у топцы – чырвоныя вугалькі. Вуглі, што тлеюць, пры недахопе паветра ўтвараюць чадны газ, які пранікае ў памяшканне праз негерметычныя ўчасткі печкі. Чадны газ  – бескаляровы, без паху і вельмі небяспечны.
Так што імкненне захаваць цяпло пры дапамозе ранняга закрыцця пячной заслонкі  можа мець сумныя наступствы. За мінулыя выхадныя ў вобласці  зарэгістраваны 3 выпадкі атручэння чадным газам у Лунінецкім, Івацэвіцкім і Ганцавіцкім раёнах. У выніку 2 чалавекі загінулі, яшчэ двое  своечасова былі дастаўлены ў бальніцу.
Тым, хто ацяпляе дом печкай, неабходна запомніць: нельга зачыняць засаўку, пакуль у  топцы гарыць блакітна-сіняе полымя.  Рэкамендуецца рабіць гэта    праз 2 гадзіны пасля прапальвання печы. Важнае значэнне мае і стан крыніцы цяпла і дымахода.
У шматкватэрніках атручэнні фіксуюцца, як правіла,  у міжсезонне: цэнтральнае ацяпленне не ўключана, а жыльцы грэюцца ад газавых прыбораў. Пры недастатковай вентыляцыі яны таксама могуць стаць  прычынай трагедыі.
Аўтамабілістам не варта выпрабоўваць лёс, знаходзячыся пры  працуючым рухавіку ў  зачыненым гаражы.
Выкананне правілаў  бяспекі не патрабуе вялікіх намаганняў і выдаткаў, але засцерагае  ад бяды і захоўвае жыццё.
Марына КАСАКОВІЧ,
спецыяліст РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *