«Я ў армію пайшоў»

Калі ехаць у бок Баранавічаў, праз дзясятак кіламетраў ад райцэнтра ёсць аўтобусны прыпынак… Мясціны неверагоднай прыгажосці, а як па-іншаму, калі гаспадарыць восень, калі вакол цішыня і такая сонечная кастрычніцкая ўтульнасць. А недалёка, за КПП, пачынаецца зусім іншае жыццё, адзначанае строгай дысцыплінай і павышанай увагай, дзе кожная хвіліна падпарадкавана агульнаму раскладу і заняткам, што праходзяць у камандна-тэхнічным вузле… Тут дыслацыруецца батальён кіравання радыётэхнічнай брыгады ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.
Служаць у гэтай ваеннай структуры людзі надзейныя, адказныя, з веданнем, усведамленнем важнасці і неабходнасці іх штодзённай працы. Такога стаўлення патрабуе пастаяннае баявое дзяжурства па абароне паветраных межаў Беларусі. Яго нясуць больш за 60 ваеннаслужачых і служачых батальёна. За суткі ў зоне баявой адказнасці праводзяць звыш
2000 паветраных суднаў.
астрычнік для людзей у ваеннай форме адзначаны важнай падзеяй – Днём сувязі. А для батальёна кіравання радыётэхнічнай брыгады ёсць яшчэ адна нагода для ўрачыстасці: 20 кастрычніка споўнілася 55 гадоў з моманту, як было сфарміравана гэта падраздзяленне брыгады.
Пад кіраўніцтвам вопытных камандзіраў зусім «зялёныя» юнакі становяцца сапраўднымі мужчынамі, працуюць над сабой, загартоўваюць характар, выхоўваюць самастойнасць, упэўненасць у сабе, пакінуўшы на «грамадзянцы» свае страхі і капрызы. А тут ёсць у каго павучыцца мужнасці.
Кіруе складаным механізмам, які не церпіць збояў і патрабуе вялікага прафесіяналізму, падпалкоўнік Дзмітрый Брадніцкі.   Вузел сувязі ўзначальвае маёр Ілья Віхрэнка. Баявую задачу – забяспечыць камандны пункт сувяззю з вышэйстаячым штабам, падначаленымі і ўзаемадзейнымі падраздзяленнямі – асвоіў і ведае добра. Тым больш, як прызнаецца сам, побач надзейная каманда. Прафесіянал сваёй справы, прыклад ва ўсім для калег і маладога вайсковага папаўнення – начальнік камандна-тэхнічнага вузла маёр Юрый Малевіч.
З лістапада ў краіне стартуе восеньская прызыўная кампанія: хутка тысячы навабранцаў папоўняць рады беларускай арміі. Менавіта сюды на курс маладога байца трапяць каля 300 прызыўнікоў. А пакуль батальён рыхтуецца прыняць новую змену, многія салдаты падлічваюць ужо дні, калі зменяць ваенную форму на цывільную, апынуцца побач з роднымі, якіх так не хапала падчас тэрміновай службы. Але, як прызнаюцца самі, цяпер жыццё будзе іншым – больш самастойным, асэнсаваным.
– У арміі многае пераацэньваеш. Ты сам вырашаеш, што для цябе важна, расстаўляеш прыярытэты. Тут многія рэчы становяцца відавочнымі, а раней пра іх нават і не думаў. Армія – ідэальнае месца навучыцца цаніць звычайныя рэчы: клопат бацькоў, сустрэчы з каханай, вольны час, якога тут малавата. Армія дае магчымасць застацца адзін на адзін са сваім характарам, разабрацца ў сабе. Тут у кожнага свой характар, вучышся знаходзіць кампраміс, паважаць пункт гледжання другога, зусім па-іншаму ставішся да людзей, – разважае радавы Сяргей Максімук, які заступіў у нарад дзяжурным па роце.
Радавому Віктару Доўнару армейскія будні даспадобы. Прызнаецца, калі атрымаў павестку, не здагадваўся, што яго чакае:
– Трохі баяўся, але калі трапіў сюды, зразумеў, што не варта хвалявацца. Канешне, складана адразу ўліцца ў гэты рытм, прыстасавацца да рэжыму дня, прывыкнуць да такой фізічнай нагрузкі. Але гэта толькі плюс. Цяпер я ведаю, што магу прабегчы больш, як і зрабіць больш падыходаў адцісканняў і падцягванняў. Многа і бытавых «адкрыццяў». Напрыклад, навучыўся падшываць каўнерык і ідэальна, пад канцік, засцілаць ложак. Акрамя таго, прыходзіць пачуццё адказнасці за кожны ўчынак, любое дзеянне. Яшчэ адзін прыемны момант – гэта знаёмства з цікавымі людзьмі з розных куткоў Беларусі, якіх аб’яднала тэрміновая служба ў кропцы, што мясцовыя жыхары называюць «13-ы кіламетр».
Кожны дзень армейцаў праходзіць згодна раскладу заняткаў у камандна-тэхнічным вузле батальёна кіравання. Трэніроўкі, вучэнні, спецыяльная падрыхтоўка, прагляд тэматычных кінафільмаў, падрыхтоўка баявой тэхнікі да зімняга перыя-ду – далёка не ўсе складнікі армейскіх будняў. А зусім нядаўна выдатную баявую гатоўнасць, прафесіяналізм і веданне сваёй справы прадэманстраваў асабовы склад батальёна кіравання падчас сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Захад-2017».
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Інжынер комплексу сродкаў аўтаматызацыі старшы лейтэнант Мікіта Гомза.

Старшы механік аддзялення ЗАС яфрэйтар Дар’я Шакаль.

Начальнік вузла сувязі маёр Ілья Віхрэнка і яго намеснік старшы лейтэнант Арцём Аніськоў.

Дзяжурства на КПП – адказная місія.

АРМЕЙСКІЯ БУДНІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *