Ад гравійкі да асфальта. У нядзелю ў Беларусі – Дзень аўтамабіліста і дарожніка
Дарога – гэта цэлае жыццё. Менавіта з яе пачынаецца будаўніцтва плошчаў, вуліц, дамоў. Так ці інакш літаральна кожны з нас звязаны з транспартам і дарогамі.
Па тэрыторыі Ляхавіцкага раёна праходзіць больш за 480 кіламетраў асфальта-бетонных, гравійных, грунтовых дарог рознага прызначэння. Утрымліваць іх у належным стане, у любую пару года забяспечваць камфортны і бяспечны пра-езд – клопат дарожных службаў. Як і будаўніцтва новых пуцеправодаў, падтрыманне ў парадку прыдарожных палос, аўтобусных прыпынкаў і многае іншае. Іх напружаная праца патрабуе фізічнай і эмацыянальнай сама-аддачы, часта даводзіцца шчыраваць у складаных, здараецца, і экстрэмальных умовах – у маразы ці завеі, пад спякотным сонцам. А дапамагаюць у гэтым прафесіяналізм, вернасць справе, узаемадапамога і ўзаемавыручка.
Вуліца Кастрычніцкая, 128 – з гэтага адраса пачынаецца дарожная гісторыя Ляхавіччыны.Тут у лістападзе 1966 года быў створаны дарожна-эксплуатацыйны ўчастак №200 пад кіраўніцтвам Віктара Куцені. З цягам часу ўзводзіліся асноўныя базы, склады, адміністрацыйны будынак, гаражы па вуліцы Арлоўскага. Набывалася новая тэхніка, павялічвалася і працягласць абслугоўваемых транспарт-ных магістраляў. Чвэрць стагоддзя калектыў дарожнікаў узначальваў Іван Касмін. Потым гэтым адказным участкам больш за 10 гадоў кіравала Алена Лойка. Гэта пры ёй 20 гадоў назад ДЭУ-200 ператварылася ў ДРБУ-200.
Сіламі нашых дарожнікаў пабудаваны аўтадарогі Ляхавічы-Крывошын-Свяціца, Ляхавічы-Сваятычы, Дарава-Навасёлкі, Краглі-Падлессе, аб’езд райцэнтра. ДРБУ-200 рэканструявала вуліцу Леніна ў Ляхавічах, добраўпарадкоўвала вуліцы аграгарадкоў. Спецыялісты арганізацыі прымалі ўдзел у будаўніцтве аўтадарогі «Абыход тэрыторыі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».
І сёлета калектыў задзейнічаны на многіх важных аб’ектах. Яшчэ нядаўна дарога з райцэнтра ў аграгарадок Падлессе была сапраўдным іспытам для тэхнікі, вадзіцеляў і пасажыраў. У гэтым годзе 6 кіламетраў аўтадарогі Ляхавічы-Дамашы змянілі гравійнае пакрыццё на асфальтабетоннае. Аналагічнае пераўтварэнне на прыкладна такой жа адлегласці адбылося і з участкам аўтадарогі Альхоўцы-Завінне. Акрамя таго, на парадку дня і ямачны рамонт – работы хапае. Галоўнае патрабаванне да работы дарожнікаў застаецца ранейшым – хуткасць пры належнай якасці.
КУП «Брэстаблдарбуд» стала падрадчыкам аб’екта коштам больш за 80 тысяч рублёў «Квартал шматпавярховай жылой забудовы ў межах вуліцы Леніна, вуліцы Палявой, вуліцы Інтэрнацыянальнай г.Ляхавічы. Добраўпарадкаванне і інжынерныя сеткі (вул. Палявая)».
Калі мясцовыя дарогі – зона адказнасці ДРБУ-200, то за ўчасткамі рэспубліканскіх аўтамагістралей сочаць Івацэвіцкае ДЭУ-23 і ДЭУ-24.
Іх асноўны клопат – касметыч-ны рамонт праезнай часткі і добраўпарадкаванне прыдарожных палос.
У райцэнтры за чысціню, належны стан дарог, аўтобусных прыпынкаў адказваюць камунальнікі. На балансе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» знаходзіцца больш за 52 кіламетры гарадскіх вуліц. З пачатку года зроблены рамонт асфальта-бетоннага пакрыцця і тратуараў на вуліцах Янкі Купалы, Камсамольскай, добраўпарадкавана дваровая тэрыторыя дамоў № 20 і № 22 па вуліцы Арлоўскага.
Узгадваючы дарожныя новабудоўлі, нельга не назваць першую чаргу добраўпарадкавання квартала індывідуальнай жылой забудовы «Патапавіцкі», здадзеную ў эксплуатацыю сёлета ў ліпені. Хоць асноўны падрадчык і не ляхавіцкі (будаўніцтвам займалася Брэсцкая арганізацыя), аб’ект важны для інфраструктуры гэтага мікрараёна.
Галіна КАНЬКО.
Фота Маргарыты КУХТА.